У Бельску-Падляшскім пратэстуюць фермеры
Пратэст адбываецца каля офіса малочнага кааператыва Bielmlek, якое плануе заявіць бліжэйшым часам пра сваё банкруцтва. Як паведамляе “Радыё Беласток”, у беластоцкі суд паступіла заява ад фірмы, якой таварыства Bielmlek завінавацілася некалькі мільёнаў злотых.
Перад офісам таварыства ў Бельску фермеры збіраюцца не першы раз, паколькі калі будзе агучанае банкруцтва, то даўгі лягуць на плечы ў тым ліку і фермераў. Паводле заканадаўства, акцыянеры адказваюць за даўгі таварыства адпаведна сваім укладам. Пра кааператыў Bielmlek гучна пісалі СМІ яшчэ летась у ліпені, калі фермеры перасталі атрымліваць грошы за дастаўленае малако, а працаўнікі кааператыву не атрымалі заробкаў. Вядома, што і Рэгіянальная пракуратура ў Варшаве вядзе следства ў справе падазрэння пра вымантачванне крэдытаў і негаспадарлівасць у Bielmleku.
Фота: Edyta Wołosik