У Бельску ўшанавалі Яраслава Кастыцэвіча



25 сакавіка ў Бельску Падляшскім у гонар Дня Волі мясцовыя беларусы ўсклалі вянок на магілу Яраслава Кастыцэвіча, ушанаваўшы вядомага беларускага педагога, праваслаўнага царкоўнага дзеяча, асветніка. Імя Яраслава Кастыцэвіча носіць у Бельску Падляшскім комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы. На будынку мясцовага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў гонар Кастыцэвіча ўсталявана адмысловая шыльда.

Яраслаў Кастыцэвіч нарадзіўся 20 чэрвеня 1896 года ў вёсцы Пасынкі Бельскага павету. Вучыўся ў Гарадзенскай і Бяла-Падляшскай гімназіях, на юрыдычным факультэце Петраградскага ўніверсітэта. У 1916 годзе мабілізаваны і накіраваны ў Кіеўскае ваеннае афіцэрскае вучылішча, адтуль на Каўказскі фронт. У 1918 годзе вярнуўся ў Бельск Падляшскі. 3 1939 года працаваў настаўнікам. У сакавіку 1941 года арыштаваны органамі НКВД, зняволены ў турму ў Ломжы. Пасля захопу немцамі Ломжы ў чэрвені 1941 года вярнуўся ў Бельск. Некалькі месяцаў выконваў абавязкі войта Бельскай гміны, спрыяў арганізацыі там беларускіх школ. У 1941-44 гадах вёў прыватнае навучанне. У жніўні—верасні 1944 года Яраслаў Кастыцэвіч — адзін з арганізатараў Беларускай дзяржаўнай гімназіі ў Бельску Падляшскім, намеснік дырэктара, з чэрвеня 1946 яе дырэктар. Адначасова ўваходзіў у гарадскую раду, быў намеснікам бурмістра. У 1949—1965 гг. дырэктар адноўленага беларускага ліцэя. У 1970 годзе ўдзельнічаў у працы мітрапаліцкай камісіі па падрыхтоўцы і выхаванні царкоўных кадраў. 

Летам бягучага года беларуская супольнасць будзе адзначаць 125-ыя ўгодкі з дня нараджэння Яраслава Кастыцэвіча.

Беларускае Радыё Рацыя