У Берасці не было ніякай узгадкі пра Рамуальда Райса



Падчас мерапрыемства ў Берасці, якое арганізавала “Польская школа”, не было аніякай узгадкі пра Рамуальда Райса.

У гэтым запэўнівае польскі бок у адказ на закіды афіцыйнага Менска пра тое, што ў Берасці нібыта ўшаноўвалі ваенных злачынцаў, у тым ліку Райса, адказнага за забойства беларусаў у некалькіх падляшскіх вёсках у 1946 годзе. Пракуратура Берасця нават распачала крымінальную справу, а двое прадстаўнікоў “Польскай школы” былі затрыманыя. Віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач заяўляе, што такімі дзеяннямі ўлады Беларусі спрабуюць адцягнуць увагу ад сваіх унутраных праблем:

– Непрыязная пазіцыя ўладаў Беларусі ў дачыненні да ўласнага грамадства, да касцёла, да прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці, скіраваная на прыкрыванне ўласных унутраных праблем, якія з’яўляюцца вынікам рэпрэсіўных дзеянняў уладаў у Менску, але таксама і вынікам эканамічных цяжкасцяў, якія існуюць у гэтай дзяржаве.

Польскі бок заклікае ўлады Беларусі зрабіць усё, каб ахвярамі такой палітыкі не стала грамадства. Таксама віцэ-міністр Марцін Пшыдач выказаўся датычна затрыманняў двух прадстаўнікоў “Польскай школы” у Берасці:

– Непасрэдныя дзеянні прадпрыняў польскі консул адразу пасля інцыдэнту. Таксама мы праз дыпламатычныя каналы скантактаваліся з Міністэрствам замежных спраў Беларусі. Мы чакаем інфармацыю адносна акалічнасцяў гэтых затрыманняў. Я яшчэ раз заклікаю ўлады ў Менску неадкладна вызваліць усіх затрыманых.

“Нашы дзеянні не скіраваныя на абвастрэнне і так напружанай дыпламатычнай сітуацыі”, – запэўніў Марцін Пшыдач. Прыгадаем, што пасля падзей у Берасці разгарэўся дыпламатычны канфлікт, у выніку якога Беларусь выслала трох польскіх дыпламатаў, а Польшча ў адказ трох беларускіх.

Беларускае Радыё Рацыя