У Чарнігаў па закупы



Чарнігаў для жыхароў Гомельшчыны па-ранейшаму эканамічна прывабны.  Нягледзячы на эканамічны крызіс у Беларусі і прапаганду маскоўскіх тэлеканалаў пра “фашыстаў-бандэраўцаў”, ці не кожная пятая машына, што спяняецца каля чарнігаўскіх рынкаў і гуртавых баз на выхадных, мае гомельскія нумары.

Але ж паездка з Гомеля да Чарнігава і назад таксама вымагае выдаткаў. Ці эканамічна абгрунтавана ездзіць штотыдзень праз мяжу па закупы? Ці бываюць на чарнігаўскіх рынках гомельскія ідэолагі, якія расказваюць пра “фашысцкі пераварот ва Украіне”? Якія перадвыбарчыя настроі гамельчукоў?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з гамельчуком, які ездзіць у Чарнігаў амаль штомесяц.

charnihau

Гамельчанін: Украінцы ўпэўненыя, што ў нас высокія зарплаты. Ды якія ж яны высокія? Я сам – кіроўца “Камаза”, мая зарплата чатыры мільёны. Жонка працуе кухарам за два з паловай мільёны. Аплаціў “жыроўку” – і ўсё, грошай вобмаль. А яшчэ дзіцёнка ў школу збіраць, і штомесяц тая школа грошы выцягвае і на тое, і на тое…

РР: Але ж паездка з Гомеля ў Чарнігаў на выхадныя – гэта і чарга на мяжы, і грошы, якія вы выдаеце на бензін, і час, які вы маглі прысвяціць сустрэчы з сябрамі… Няўжо выкрэсліць з жыцця цэлыя суткі на паездку таго варта?

Гамяльчанін: Вядома ж, так. Тут усё значна танней. Будаўнічныя матэрыялы, розная тэхніка, адзенне рознае… Піва і гарэлка – проста па-за канкурэнцыяй!

РР: Але ж у Гомелі і пагэтуль ёсць людзі, якія вераць, што тут да ўлады дапнуліся “фашысты”, што рэй тут трымаюць гітлераўцы, эсэсаўцы і гестапаўцы…

Гамяльчанін: Сярод маіх сваякоў, сяброў і проста знаёмых няма ніводнага чалавека, які б верыў у гэтую лухту. Да нас на прадпрыемства неяк прыходзіў ідэолаг, расказваў пра “фашысцкі пераварот ва Украіне”. Дык я таго ідэолага праз месяц бачыў на ўласныя вочы тут, на чарнігаўскім рынку!

РР: Салон вашай машыны цалкам забіты скрынямі і пакетамі. Калі ласка, раскажыце, што вы купілі і чаму менавіта такі тавар!

Гамяльчанін: Пральны парашок, дзіцячае адзенне. Купіў, вядома ж, і спіртнога. Купіў бы яшчэ больш, але ж мытня не пускае.

РР: Ды няўжо вазіць з Чарнігава ў Гомель пральны парашок – рэнтабельна?

Гамяльчанін: Вядома ж!

РР: Я бачу ў вас скрыню з ноўтбукам.

Гамяльчанін: Тэхніка тут нашмат танней, асабліва, калі натрапіш на якую акцыю.

РР: Я так разумею, што ў Чарнігаве вы бываеце рэгулярна. Ці быў у вас тут хоць адзін канфлікт на межнацыянальнай ці моўнай глебе?

Гамяльчанін: Ні разу такога не было. Я сам беларус, размаўляю на расейскай, але ж ніколі мне такога не закідалі. Я ведаю, што ў Чарнігаве нас называюць “сябры”. “Сябры” і ёсць сябры… То бок, украінцы бачаць нас менавіта такімі.

РР: У Беларусі па хуткім часе выбары. За каго вы будзеце галасаваць, каб беларускія кошты былі б хаця б на чарнігаўскім узроўні?

Гамяльчанін: А нашто на тыя выбары хадзіць? І так усё зразумела…

Паводле афіцыйнай статыстыкі,  бюджэт Чарнігава амаль на 13% складаецца за кошт грошай, якія прывозяць у горад грамадзяне Беларусі.

Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя