У Чарнігаўскай вобласці абмежавалі рух аўтатранспарту



У Чарнігаўскай вобласці, памежнай з Беларуссю, абмежаваны рух аўтамабільнага транспарту. Прычына – эпідэмія афрыканскай чумы свінняў.

Больш падрабязна распавядае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Выбух эпідэміі афрыканскай чумы свінняў у Чарнігаўскай вобласці змусіў украінскія ўлады прыняць радыкальныя захады. На Сівершчыне праходзіць масавы адстрэл дзікоў, бо менавіта гэтыя жывёлы, на думку навукоўцаў, і пераносяць небяспечную для свінняў хваробу. Наступным крокам стала абмежаванне руху аўтамабільнага транспарту. Прэсавая служба “Украўтадора” па Чарнігаскай вобласці афіцыйна абвесціла пра закрыццё участкаў дарог “Карукаўка-Сіняўка-Блістава-Мена”.

Да таго ж у Чарнігаўскім рэгіёне ўводзіцца жорсткае  абмежаванне на наведванне вёсак, дзе выяўлена афрыканская чума свінняў.

Забарона мае дзейнічаць да канчатковай ліквідацыі эпідэміі.

Прычына маштабнай эпідэміялагічнай катастрофы ва Украіне пакуль невядомая. Мяркуецца, што афрыканскую чуму свінняў пераносяць дзікі, якія мігруюць ва Украіну з Расеі і Беларусі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна