У Чаромсе пройдзе свята еўрапейскіх культур
Чаромха, што на Падляшшы, стане пляцоўкай свята еўрапейскіх культур. 24-га ліпеня пачнецца юбілейны ХХ Фестываль культур і народаў «З вясковага панадворка». У Чаромху прыедуць музычныя калектывы з розных куткоў Еўропы. Фестывальныя падрабязнасці распавядае арганізатарка Барбара Кузуб-Самасюк:
– У 19.30 у пятніцу пачнецца канцэрт з выступу Тодара і “WZ-Orkiestra” з Беларусі. Пасля выступіць “Даб”. У канцы выступіць “Чарамшына”, а для тых, хто любіць і захоча патанцаваць пад этнічную музыку, зайграе дыджэй Вой.
У бліжэйшую суботу, 25-га ліпеня, выступяць, сярод іншых, Ёрый Клоц (Украіна) ды Boban і Marko Marković Orchestra (Сербія). Пройдзе таксама шэраг суправаджальных мерапрыемстваў, у тым ліку паказ фільмаў Юрыя Каліны і сустрэча з рэжысёрам. Мерапрыемствы ў межах фестывалю «З вясковага панадворка» будуць працягвацца да 31-га ліпеня.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя