У другім туры выбараў за мяжой можа прагаласаваць рэкордная колькасць палякаў



Дадатковыя больш за 150 тысяч палякаў, якія жывуць за мяжой, паведамілі пра намер удзельнічаць у другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Гаворка ідзе пра асобы, якія не галасавалі ў першым туры альбо памянялі выбарчую акругу. Гэта азначае, што ў выбарах за мяжой можа прыняць удзел нават больш за 500 тысяч польскіх выбаршчыкаў.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Моніка Шатынска-Люфт (Monika Szatyńska-Luft), паясняе, што ў краінах, дзе дазваляецца галасаваць асабіста, да спісу выбаршчыкаў можна дапісацца яшчэ ў чацвер. Рэгістрацыя, зробленая да першага тура, застаецца сапраўднай.

З-за пандэміі і абмежаванняў, якія дзейнічаюць у паасобных краінах, пераважная большасць палякаў за мяжой прагаласуе па пошце.

– Супрацоўнікі консульскіх устаноў за два дні да ўстаноўленага законам тэрміну, то бок да 4 ліпеня, адправілі 100 працэнтаў, то бок 480 000 выбарчых пакетаў. Інфармацыя аб недахопах у пакетах адносіцца да нешматлікіх выпадкаў, што магчыма, беручы пад увагу колькасць дакументаў і час. У кожным такім выпадку выбаршчыкі павінны як мага хутчэй звярнуцца ў кампетэнтную консульскую ўстанову для высвятлення справы.

Міністэрства замежных спраў спадзяецца, што найбольшая колькасць канвертаў з запоўненымі выбарчымі бюлетэнямі „вернецца” ў консульскія ўстановы сёння, або цягам бліжэйшых дзён.

Выбарчыя камісіі за мяжой будуць прымаць пасылкі ад паштовых аператараў і кур’ераў таксама ў дзень галасавання да 21.00 па мясцовым часе.

polskieradio.pl

Фота: blog.etoto.pl