У другой палове 2020 у Беларусь не ўпусцілі некалькі тысяч чалавек
2020 год для органаў памежнай службы Беларусі быў асаблівым з-за пандэміі каранавіруса, унутранага становішча і „націску звонку”, заявіў старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо вузкаму колу журналістаў 1 лютага.
„Мінулы год быў асаблівым, — сказаў ён у эфіры навін тэлеканала „Беларусь 1”. — Сакрэт не адкрыю, што мы некалькі тысяч людзей не ўпусцілі ў Рэспубліку Беларусь, якія ехалі ў другім паўгоддзі з рознымі намерамі. Гэта і спроба, будзем так [казаць], дэстабілізацыі становішча на прыбалтыйскім кірунку — таксама знакамітыя, якія хацелі працягнуць „ланцуг”, мы гэтага не дапусцілі”.
Паводле яго слоў, мяжа — жывы арганізм: „сёння на гэтым участку спакойна — заўтра там аператыўная абстаноўка”.
„Пандэмія пандэміяй, але афіцыйна мяжу мы не закрывалі, калі іншыя краіны зачыніліся”, — заявіў Лапо. „Мы на другім этапе пандэміі проста абмежавалі рух асобных катэгорый грамадзян. Грузавыя транспартныя сродкі як рухаліся, так і рухаюцца. Працы ў нас менш не стала, працы стала больш”, — адзначыў ён.
Як паведамлялася, 1 лютага Аляксандр Лукашэнка прыняў Лапо ў сувязі з падпісаннем задання на ахову дзяржмяжы на 2021 год. Ён заявіў, што „няма такой аховы дзяржаўнай мяжы ў свеце ў іншай дзяржавы, як у Беларусі, на гэтым узроўні ахову дзяржаўнай мяжы трэба і падтрымліваць” (цытата паводле прэс-службы Лукашэнкі).
28 студзеня Лукашэнка заявіў, што „закінуць да нас людзей са зброяй і боепрыпасамі, выбухоўкай ніякіх праблем няма”, а 25 снежня мінулага года, што „ёсць некалькі групіровачак яшчэ… Адтуль дасылаюць нам”. „Праз Украіну. Праз Літву, Польшчу цяпер вельмі складана — мяжу зачынілі наглуха. І з Украінай цяпер закрылі ўжо, мыш не прапаўзе. Праз Расію часам трапляюць, у нас мяжы няма. Але ўжо не тое. Мы гэтае пытанне трымаем жорстка на кантролі”, — дадаў ён.
Згодна з рашэннем урада, з 21 снежня мінулага года грамадзяне Беларусі і асобы, якія маюць права на жыхарства ў краіне, не могуць выехаць з яе праз наземныя пункты пропуску. Афіцыйная прычына — барацьба з каранавірусам.
23 жніўня 2020 года ў Літве прайшла акцыя салідарнасці з беларусамі „Шлях свабоды”, у якой узялі ўдзел амаль 50 тысяч чалавек. Яны сталі ў жывы ланцуг ад Вільнюса да мяжы з Беларуссю на працягу 32 км. У гэты ж дзень у 1989 годзе адбылася акцыя „Балтыйскі шлях” — людзі ўтварылі жывы ланцуг ад Вільнюса да Таліна: узяўшыся за рукі, сталі больш за мільён чалавек. Тая акцыя Літвы, Латвіі і Эстоніі была пратэстам супраць савецкай акупацыі трох балтыйскіх дзяржаў і заклікам аднавіць іх незалежнасць.
Раніцай 24 жніўня прэс-служба Мінабароны паведаміла, што напярэдадні вечарам сілы беларускай авіяцыі „спынілі правакацыю” з боку Літвы. „23 жніўня прыблізна ў 19.30 дзяжурнымі сіламі ВПС і войскаў СПА была спыненая правакацыя з боку Літоўскай Рэспублікі ў раёне населенага пункта Ваўкаўшчына Ашмянскага раёна. З сумежнай тэрыторыі быў запушчаны зонд з васьмі паветраных шароў з антыдзяржаўнай сімволікай”, — гаварылася ў паведамленні. Адзначалася, што „дзякуючы рашучым дзеянням экіпажаў верталётаў Мі-24” са складу дзяжурных сіл СПА „палёт паветраных шароў быў спынены без прымянення зброі”.