У Дубічах Царкоўных прайшла прэзентацыя кнігі Ганны Кандрацюк-Свярубскай



17 лютага ў гмінным цэнтры культуры Дубічаў Царкоўных прайшла прэзентацыя новай кнігі Ганны Кандрацюк-Свярубскай „У прысценку старога лесу”. У госці да мясцовых прыхільнікаў цікавага пісьменства прыехалі аўтарка і галоўны рэдактар тыднёвіка „Ніва” і яе новага выдання Яўген Вапа.

Сустрэча, на якую прыйшлі пару дзясяткаў аматараў літаратурна-публіцыстычнага слова, прайшла ў сентыментальнай і кранальнай атмасферы. Менавіта гісторыі людзей з Белавежскай пушчы, якія асабліва блізкія мясцовым жыхарам, кладуцца ў аснову не толькі лакальнага эпасу, але і адлюстроўваюць агульныя гістарычныя працэсы на сумежжы. А пытанні захавання сваёй тоеснасці і традыцый, мяцовай гаворкі ў час глабалізацыі – гэта пытанні, якія набылі ў наш час экзістэнцыяльны характар. Жывая, непаўторная мова аўтаркі кніжкі ў змешаным жанры аповяду, запісаных жыццёвых абразкоў, эсэ – найбольшая адметнасць выдання. Кніга Ганны Кандрацюк-Свярубскай – як той свойскі хатні хлеб, пра які кажа гераіня аднаго з нарысаў, што ён найсмачнейшы.

Спатканне доўжылася дзве гадзіны, значную цікавасць прыйшоўшых выклікалі і ранейшыя выданні Праграмнай рады тыднёвіка „Ніва”. А ўжо адно з найбліжэйшых паседжанняў чытацкага клубу, які перыядычна збіраецца ў Дубічах Царкоўных, будзе прысвечана менавіта абмеркаваню кніжкі з простай і паэтычнай адначасна назвай „У прысценку старога лесу”.

Беларускае Радыё Рацыя