У Еўразвязе назвалі ўмовы бязвізавага рэжыму для Украіны
Патрабаванні Еўразвяза да Украіны агучыў дэпутат Еўрапарламенту Пятрас Аўштуравічус. Гэта ўвядзенне біяметрычных пашпартоў і прыняццё ўсіх міжнародных канвенцый па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Але ці не галоўная ўмова – аднаўленне кантролю над усёй дзяржаўнай мяжой. У Еўразвязе мяркуюць, што няма “старой Украіны” і “новай Украіны”, а ёсць адзіная дзяржава, прытым Крым, Данбас і Луганск з’яўляюцца яе неад’емнымі часткамі. Але ж, сыходзячы з сучаснага стану рэчаў, Еўразвяз можа часова прызнаць адміністрацыйнымі лініі паміж Украінай і часова анэксаванымі тэрыторыямі.
Раней украінскія медыі паведамлялі, што дакладная дата ўвядзення бязвізавага рэжыму паміж Украінай і ЕЗ можа быць названая на саміце “Усходняга партнёрства”, які мае адбыцца ў Рызе 21-22 траўня. У Еўразвязе гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і не абверглі.
Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.