У Гайнаўцы адкрылася выстава Міраслава Здрайкоўскага «Былі. Ёсць. Будзем»



У рамках 36-ага Міжнароднага фестывалю “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” ў Гайнаўскім доме культуры адкрылася выстава беларускага мастака з Бельска Падляшскага Міраслава Здрайкоўскага “Былі. Ёсць. Будзем”:

 — Гэта прымеркавана да Дзён царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы. Мяне гэта таксама цешыць, бо выстава маіх прац, натхненнем да якіх стаў ручнік, тут вельмі пасуе, бо менавіта ручнік вельмі цесна звязаны з царквой і рэлігійнымі абрадамі.

Гэта адна з некалькіх выставаў сёлетняга фестывалю. У Саборы св. Тройцы можна таксама паглядзець фотавыставы “Айцец Антоні Дзевятоўскі ў сотыя ўгодкі народзінаў” і “Падляшша ў аб’ектыве” ды выставу дзіцячых прац “Мая прыхадская царква”. Міжнародны фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” суправаджае таксама шмат паасобных канцэртаў у падляшскіх мясцовасцях. Сёння, 11 траўня, беларускія хоры можна пачуць з 18.00 у Нараўцы, Гарадку, Гайнаўцы,  Бельску Падляшскім і Саколцы. У пятніцу, 12 траўня, ў 20.30 у Асяродку лясной адукацыі “Ягелёнскае” ў Белавежы адбудзецца канцэрт фальклорных спеваў “Фальклорная бяседа”.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара