У Гайнаўцы не будзе комплексу школ з беларускай мовай навучання 



Бургамістр горада Ежы Сірак прыняў рашэнне, што навучанне беларускай мове будзе праходзіць у пачатковай школе нумар 4 на Мазурах,  а не ў будынку, дзе месціцца ліцэй з беларускай мовай навучання, як хацелі гэтага бацькі дзяцей, зацікаўленых у вывучэнні беларускай мовы.

– З 1-га верасня навучанне пачнецца ў нашай пачатковай школе №4 на Мазурах. Гэтае рашэнне – вынік дыскусіі, якая адбылася падчас апошняй сесіі рады горада. Мы прааналізавалі ўсе акалічнасці  і прыйшлі да высновы, што гэта будзе добрае рашэнне.

Расчаравання рашэннем бургамістра не хавае Катажына Чурак з камітэту бацькоў:

– Мы не разумеем, як такая справа вырашаецца за нашай спінай. Вядуцца размовы, якія маюць вырашыць будучае нашых дзяцей. А нас не запрашаюць да гэтай размовы. Нам вельмі прыкра ад гэтага.  І мы не ведаем, што нам зараз рабіць.

Катажына Чурак пра рашэнне бургамістра Гайнаўкі даведалася ад журналістаў. Ці пашлюць бацькі сваіх дзяцей у школу, якую вызначыў для навуччання беларускай мове бургамістр , вырашаць пасля сустрэчы ўсяго камітэту, які праводзіў змаганне за тое, каб навучанне беларускай мове ў Гайнаўцы праводзілася ў комплексе школ з беларускай мовай навучання, як гэта было раней .

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя