У Гайнаўцы пакажуць „Канцэрт жыцця” – фільм Міколы Ваўранюка



Канцэрт жыцця” – дакументальную стужку, аўтарам якой з’яўляецца наш рэдакцыйны калега Мікола Ваўранюк, ужо сёння, 21 верасня, змогуць паглядзець жыхары Гайнаўкі.

Фільм, які распавядае пра адну з найбольш папулярных перадачаў Беларускага Радыё Рацыя “Падляшскі канцэрт пажаданняў”, быў створаны дзякуючы намаганням Аб’яднання АБ-БА. Прэм’ера фільму адбылася ў Беластоку напрыканцы жніўня у рамках фестывалю “Усход Культуры – Іншае вымярэнне”. Аўтар фільму Мікола Ваўранюк разлічвае на дыскусію з удзельнікамі гайнаўскага паказу.

– Найважнейшая справа – каб людзі прыйшлі і паглядзелі. І я б хацеў, я б жадаў, каб потым узнікла нейкая дыскусія. Бо гэта для людзей, якія нешта робяць, заўсёды важнае – пачуць меркаванне, пачуць, так сказаць, шматгалоссе ў пэўнай справе. Гэта заўсёды вучыць.

Аператарскую працу выканаў Раман Васілюк. Паказ фільму “Канцэрт жыцця” Міколы Ваўранюка адбудзецца сёння, 21 верасня, у Музеі і Асяродку беларускай Культуры ў Гайнаўцы. Пачатак а 16-ай гадзіне. У нядзелю паказ адбудзецца ў Цэнтры Прамоцыі Беларускай Культуры ў Шчытах на Бельшчыне. Пачатак а 15-ай гадзіне.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя