У Гайнаўцы прадставілі выставу „Наша памяць”



„Канфлікт памяці” – сустрэча пад такой назвай і чарговая прэзентацыя выставы „Наша памяць” прайшла ў Гайнаўскім доме культуры. Прафесар Алег Латышонак у сваім дакладзе прадставіў апошнія публікацыі Інстытуту нацыянальнай памяці.

На сустрэчу прыйшлі прыхільнікі „Бурага”, а таксама тыя, хто асуджае яго дзеянні: 

 – Бракуе мне ў такой размове двух бакоў. Хацеў бы даведацца праўду, як адбываліся падзеі ў Залешанах ды іншых вёсках, дзе давялося дзейнічаць атраду „Бурага”. 

– Я прыйшла, каб паслухаць праўду. Адна праўда, гэта калі кажа сэрца, як спадар Марэк Нічыпарук. Таксама хацелася б выслухаць другі бок.

– Такая размова патрэбная, а не маршы, якія з’яўляюцца правакацыяй.

Выстава „Наша памяць” – гэта вынік працы чальцоў Беларускага гістарычнага таварыства і Фонду Kamunikat.org. На 13 стэндах прадстаўлены рэйд „Бурага” ў студзені-лютым 1946 году, калі былі спаленыя 5 беларускіх вёсак на Беласточчыне. Тады былі забітыя 80 цывільных жыхароў, у ліку якіх жанчыны і дзеці.

Падчас мерапрыемства можна было набыць матэрыялы выставы, сродкі з якой пойдуць на аднаўленне помнікаў і выданне ўспамінаў. Чарговая выстава пройдзе ў Нараўцы 4-га красавіка.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя