Марш „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы (абноўлена)
“Буры – наш герой!” – пад такім лозунгам прайшоў чацвёрты марш шавіністаў у Гайнаўцы.
Сярод расцяжак, якія неслі дэманстранты, былі прысвечаныя Рамуальду Райсу “Бураму” і Юзэфу Курасю, псеўданім “Огень”. Удзельнікі маршу ўсхвалялі таксама маёра Зыгмунда Шэндзеляжа “Лупашку” і “Інку”. Каля двухсот чалавек прайшлі пад бел-чырвонымі сцягамі і сцягамі ОНР.
– Зараз будзе лекцыя пра выбітнага афіцэра Рамуальда Райса, псеўданім “Буры”, нашага героя, гэта пацвердзіць для нас гісторык Лешэк Жэброўскі. Буры, Буры – наш герой!
Раней у царкве прайшла паніхіда ў памяць бязвінных ахвяраў Рамуальда Райса, акцыя “Вечная памяць” ды выстава “Наша памяць”. На гэтай акцыі прысутнічала каля трохсот чалавек. Гаворыць Аліна Крутэль – галоўная арганізатарка акцыі “Вечная памяць”:
– Сустракаемся тут, у Гайнаўцы, каб сказаць, што помнім пра тое, як загінулі нашы бабулі, нашы дзяды, нашы бацькі. Мы не згодныя з тым, што ходзяць па Гайнаўцы і гавораць, што Буры – наш герой. Бо Буры – не наш герой. Мы вельмі-вельмі моцна супраць гэтага.
Марш „выклятых жаўнераў” успрымаецца бальшасцю жыхароў Гайнаўкі як правакацыя, накіраваная на тое, каб падзяліць мірнае грамадства горада. Падчас шэсця адбыліся дзве няўдалыя спробы блакавання маршу. Паліцыя перапісала дадзеныя ўдзельнікаў контрманіфестацыі. Ім пагражаюць штрафы.
* * *
76 чалавек затрымана за супрацьстаянне Маршу „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы. Падчас маршу польскія ультраправыя чарговы раз услаўлялі забойцу мірных беларусаў Рамуальда Райса. Адзін чалавек пакараны штрафам, у дачыненні да іншых складзены пратаколы, іх справы разгледзіць суд.
* * *
У Гайнаўцы адбыўся 4-ты марш памяці „выклятых жаўнераў”. Зладзілі яго шавіністычныя арганізацыі, якія ўслаўляюць Рамуальда Райса і Зыгмунда Лупашку, адказных за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Беласточчыне ў пасляваенныя гады і смерць цывільных жыхароў.
У Гайнаўку прыехала шмат беларусаў і палякаў, прыйшлі мясцовыя жыхары, якія выступаюць супраць правядзення падобных маршаў. На месцы падзей знаходзіцца наша карэспандэнтка Валянціна Лаеўская:
– Марш ужо завяршыўся. Праходзіў ён як і заўжды пад лозунгам: „Буры – наш герой”. Каля сабору маршу перагарадзілі шлях грамадзяне Польшчы з ружамі ў руках. Зараз паліцыя перапісвае іх дадзеныя. Марш прайшоў ад касцёла да гарадской управы і дома культуры, дзе зараз адбываецца лекцыя пра Бурага. Фашыстоўскіх сімвалаў я не заўважыла падчас маршу. Жыхары Гайнаўкі не разыходзяцца і застаюцца ля затрыманых паліцыяй.
* * *
Перад маршам мясцовыя жыхары зладзілі жалобныя акцыі ў памяць бязвінных ахвяраў.
За падзеямі сочыць наша карэспандэнтка Валя Лаеўская:
– З самага ранку ў царкве ў Гайнаўцы прайшла літургія, пазней паніхіда ў памяць бязвінна загінулых, закатаваных і спаленых аддзелам Рамуальда Райса “Бурага”. Святар пасля паніхіды адзначыў, што Буры быў злачынцам і нельга яго лічыць і называць героем. Пазней у цэнтры Гайнаўкі прайшла акцыя “Вечная памяць”, на яе сабралася каля 300 чалавек. Прыехалі палітыкі з партыі “Разам” , прадстаўнік пасла Роберта Тышкевіча, грамадзяне РП, якіх, дарэчы, затрымалі ў Варшаве. Іх аўтобус не прапусцілі. Тады яны прыехалі на свіх машынах. Прыйшлі жыхары Гайнаўкі. Прачыталі прозвішчы тых, хто загінуў. Запалілі знічы памяці. Праходзіць фотавыстава “Наша памяць”, якая выклікала вялікае зацікаўленне, асабліва ў тых, хто прыехаў з іншых месц Польшчы, бо яны ўпершыню пабачылі гісторыю таго пекла, якое здзейсніў тут Буры.
Трэба адзначыць, што Міністэрства замежных спраў Беларусі шкадуе пра намер правесці ў Гайнаўцы чарговы Марш „выклятых жаўнераў”.
* * *
“Марш „выклятых жаўнераў” – гэта скандал,” – кажа адзін з лідараў партыі „Разам” Адрыян Зандбэрг. – Мы прыязджаем туды чарговы год, каб падтрымаць мясцовую грамадскасць і каб паказаць, што няма нашай згоды на ўшанаванне злачынцаў”.
– Не можам пагадзіцца з тым, каб па вуліцах польскіх гарадоў ішлі людзі, якія заклікаюць да нянавісці, якія заклікаюць насамрэч да забойства. Бо калі хтосьці кажа, што той, хто забіваў жанчын, хто забіваў дзяцей, з’яўляюцца героямі, то той лічыць такія дзеянні дапушчальнымі. Не, ніколі не дамо згоды на культ ваенных злачынцаў і на падбухторванне да нянавісці!
Гайнаўскае самакіраванне мае абавязак забараніць гэтую дэманстрацыю, калі там прапагандуюць фашыстоўскую сімволіку і заклікаюць да варажнечы на нацыянальнай і рэлігійнай глебе, – кажа актывіст партыі “Разам” з Падляшша Сэвэрын Пракопюк:
– Гэты марш можна трактаваць, як прапаганду фашызму і заклік да нянавісці. У маім разуменні, трэба даць магчымасць мясцовым уладам рэагаваць і вырашаць гэта з грамадзянамі.
Антыфашыстоўская Гайнаўка ладзіць а 12-й гадзіне альтэрнатыўны марш у памяць ахвяраў Бурага. “Вечная памяць “ – пад такім лозунгам пройдзе сёння ў Гайнаўцы грамадскае ўшанаванне памяці бязвінна закатаваных і спаленых жыхароў беларускіх вёсак на Падляшшы, здзейсненых аддзелам польскага антыкамуністычнага падполля зімой 1946 года.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Гутарыла Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя