У Гайнаўцы пройдзе V „Марш выклятых жаўнераў”
Пяты «Марш выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы ў гэтым годзе пройдзе 23 лютага (ў нядзелю). Арганізатарам маршу з’яўляецца Барбара Палешук, арганізатарка або суарганізатарка і папярэдніх 4-х маршаў, якія прайші праз Гайнаўку. Марш выклікае шмат эмоцый, асабліва таму, што сярод лозунгаў удзельнікаў маршу: «Буры» – наш герой», гаворыць Сяргей Нічыпарук – нашчадак ахфяраў «Бурага»:
– Ці праз Гайнаўку, ці праз Беласток, ідуць і крычаць. Нешта ім казаць бессэнсоўна. Мы ўсе – праваслаўныя, і за гэта нас мучылі, можам у гэты час у цэрквах служыць паніхіду за спачын тых, хто загінуў, і малебен за здароўе тых, хто застаўся жывы, і тых, хто ідзе ў гэтым маршы. Каб Бог ім вярнуў розум! Каб папросту пачалі думаць, што яны робяць!
Бургамістр Гайнаўкі Ежы Сірак паведаміў, што у гэтым годзе не будзе прадпрымаць адміністрацыйных захадаў па забароне мерапрыемства, хаця разумее, што некаторыя лозунгі, з якімі ідуць удзельнікі маршу, супярэчаць мірнаму суіснаванню жыхароў гэтага горада і рэгіёну. Ранейшыя адміністрацыйныя захады не прынеслі вынікаў, кажа Ежы Сірак.
– Маё магчымае рашэнне адносна забароны гэтага маршу так і так было б адменена судом.
„Марш выклятых жаўнераў” па заяўцы арганізатараў мае на мэце ўшанаванне салдат польскага антыкамуністычнага падполля з нагоды нацыянальнага свята 1 сакавіка – Дня выклятых жаўнераў. Свята ўстаноўлена ў 2011 годзе прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім.
Нагадаем, што Інстытут нацыянальнай памяці ў 2005 годзе прызнаў дзеянні аддзела польскага антыкамуністычнага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса „Бурага” на Беласточчыне злачынствам з прыкметамі генацыду. „Буры” адказны за спаленне 5 беларускіх вёсак і забойства звыш 80 цывільных жыхароў.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя