У Гайнаўцы вывучаць досьвед Вроцлава, дзе спынілі марш “выклятых жаўнераў “



“Будзем вывучаць досьвед Вроцлава,  дзе спынілі марш нацыяналістаў памяці “выклятых жаўнераў “, – кажа бургамістр Гайнаўкі Ежы Сірак.

Бургамістр,  які быў назіральнікам шэсця, якое  23 лютага прайшло цэнтральнымі вуліцамі Гайнаўкі з лозунгам “Буры – наш Герой”, не палічыў патрэбным папярэдзіць арганізатараў пра недапушчальнасць ушанавання чалавека,  адказнага за злачынствы з прыкметамі генацыду. Гаворыць Ежы Сірак:

– Прааналізуем уласны досьвед гэтага года і досьвед горада Вроцлава, і высновы выкарыстаем у будучым. Калі будзе спроба арганізацыі чарговага маршу, не выключана, што мы таксама прымем  спробы блакавання маршу на кожным яго этапе.

Нагадаем, што вроцлаўскі магістрат спыніў марш нацыяналістаў у горадзе ,  які адбываўся 1 сакавіка і быў прымеркаваны да нацыянальнага свята – Дня “выклятых жаўнераў”.  Спярша ў бок арганізатараў былі накіраваныя два папярэджанні за мову нянавісці, затым рашэннем дэлегата ад горада было прынятае рашэнне пра спыненне шэсця.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя