У Гайнаўцы зноў можа быць неспакойна
Гайнаўка чарговы раз можа аказацца ў эпіцэнтры падзей. Пачынаючы з 2016 года вуліцамі гэтага невялікага падляшскага горада, звычайна ў другой палове лютага, ідуць маршам ультраправыя польскія нацыяналісты. Гэты марш з’яўляецца правакацыйным, але надалей законным.
Удзельнікі гайнаўскіх маршаў, нібыта ўшаноўваючы памяць выклятых жаўнераў, якія стваралі пасляваеннае антыкамуністычнае падполле, найбольш ушаноўваюць памяць Рамуальда Райса “Бурага” – забойцы, адказнага за смерць 79 праваслаўных беларусаў, у тым ліку жанчын і дзяцей, у тым ліку 30 закатаваных вазакоў, далучаных ў 2019 годзе да спісу Мучанікаў Холмскай і Падляшскай зямлі. Злачынствы адбыліся на пераломе студзеня і лютага 1946 года, і прынеслі трагедыю ў Зані, Шпакі, Канцавізну, Вольку Выганоўскую і Залешаны. Гайнаўка для такога маршу нянавісці абраная невыпадкова. Тут надалей жыве пераважна праваслаўнае насельніцтва, а многія яшчэ памятаюць з дзяцінства або з аповедаў той страх, які выклікаў “Буры”, і які яшчэ жыве ў душах многіх мясцовых жыхароў. Многія надалей баяцца пра гэта гаварыць. Таму тыя шавіністы, якія маршыруюць гайнаўскімі вуліцамі, не проста правакуюць, але і адкрыта запалохваюць людзей, выгукаючы між іншым “Не ісламская, не атэісцкая, а вялікая Польшча каталіцкая”, або “Гэта мы, гэта мы, палякі”, або “Прэч з камунай”, намякаючы на тое, што мясцовых беларусаў забівалі нібыта за іх прыхільнасць да камуністаў. Здавалася, што сёлета, калі надалей шалее пандэмія, Гайнаўка ўрэшце перыяд лютага-сакавіка перажыве спакойна. Але не туды тое. Ультранацыяналістычныя асяроддзі заявілі, што рыхтуюць “спантанную” акцыю – пра гэта піша bialystok.wyborcza.pl. Тут трэба дадаць, што ўсе бліжэйшыя магчымыя тэрміны правядзення масавых мерапрыемстваў ужо занялі прадстаўнікі ініцыятывы “Грамадзяне РП”, якія ў ранейшыя гады спрабавалі фізічна заблакаваць гайнаўскі марш, а сёлета плануюць ушаноўваць памяць ахвяр “крывавых рэйдаў “Бурага”. Таксама 27 лютага ў Гайнаўцы пройдзе ўжо традыцыйная акцыя “Вечная памяць” і богаслужба, падчас якой будуць маліцца за душы нявінна закатаваных. У які дзень нацыяналісты плануюць свае “спантанныя” дзеянні – пакуль невядома, але ў Гайнаўцы зноў можа быць неспакойна. Прыгадаю, што 1 сакавіка ў Польшчы – нацыянальны Дзень памяці выклятых жаўнераў, гэта панядзелак, таму падзеі могуць разгарнуцца ў апошнія дні лютага.
Кожны год гайнаўскі марш выклікае эмоцыі, з асуджэннем яго выступаў нават афіцыйны беларускі бок, і кожны год нічога не змяняецца. А вырашыць сітуацыю можна вельмі проста – выкрэсліўшы Рамуальда Райса са спісу выклятых жаўнераў, спыненнем ушанавання памяці пра чалавека, злачынствы якога насілі прыкметы генацыду, што засведчыў Інстытут нацыянальнай памяці ў 2005 годзе. Але гэтага не адбываецца. І віна за гэта цалкам ляжыць на плячах польскай дзяржавы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя