У Гайнаўцы з’явіцца памятная шыльда у памяць пра ахвяр „Бурага”?
Марш у гонар выклятых жаўнераў прайшоў у суботу ў Гайнаўцы.
Арганізатары мерапрыемства „Вечная памяць”, якія ўшанавалі памяць ахвяр „Бурага”, звярнуліся да мясцовых уладаў Гайнаўкі, каб вызначыць адмысловае месца ў горадзе, дзе можна паставіць мемарыяльны знак. Такім чынам была б ушанаваная памяць 79-ці жыхароў падляшскіх вёсак, якія былі забітыя жаўнерамі аддзелу капітана Рамуальда Райса:
– Мы хацелі б звярнуцца да ўладаў горада з просьбай, каб знайсці нейкае месца для памятнага знака, каб моладзь магла даведацца пра гэтую здарэнне, каб гэта памяць не абапіралася толькі на нашу ініцыятыву, але каб было нейкае месца, дзе будуць ушанаваныя забітыя ў Гайнаўцы. Заклікаем мясцовую ўладу да абмеркавання гэтага пытання.
Бургамістр Гайнаўкі Ежы Сірак станоўча выказаўся наконт гэтай ідэі:
– Вельмі вартая ініцыятыва, мы ўжо думалі пра гэта раней. Сёння ініцыятыва агалошаная публічна і думаю, што яна будзе пацверджана фармальнай заявай з боку ініцыятараў. Трэба абмеркаваць магчымасць яе рэалізацыі ў будучыні.
Месца, дзе можа быць размешчана мемарыяльная шыльда ў Гайнаўцы, пакуль не вызначана. У студзені-лютым 1946 года аддзел польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем „Бурага” спаліў пяць беларускіх вёсак на Беласточчыне, тады загінулі 79 цывільных жыхароў. Польская праваслаўная царква ў 2020 годзе прызнала іх святымі пакутнікамі Падляшскай зямлі.
Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы ўжо выкарыстала беларуская афіцыйная прапаганда, у сюжэтах па тэлебачанні асуджалі дзеянні польскіх уладаў.
Беларускае Радыё Рацыя