Сустрэчы ў галерэі Сляньдзіньскіх (абноўлена)
Наведалі сем памежных мясцовасцей у Польшчы і Беларусі ў пошуках мінулага на старых фотаздымках.
У галерэі імя Сляньдзіньскіх у Беластоку у рамках фестывалю “Усход культуры” прайшла выстава “Albom.pl”. Можна было паглядзець фатаграфіі жыхароў такіх мясцовасцей, як падляшскі Гарадок ці гарадзенскі Сапоцкін. Як адзначыў фатограф, куратар выставы Рыгор Дуброўскі, дзякуючы сабраным у “Альбоме” фотаздымкам пазнаем гісторыю ХХ стагоддзя.
– Група з шасці чалавек цягам паўгода ездзіла па мясцовасцях і ў прыватных архівах праглядала здымкі. Гэтыя фатаграфіі былі выцягнуты з альбомаў, скрыняў, нават знойдзеныя на гарышчы дома, пра якія забылі ўжо. Верагодна, у кастрычніку гэтая выстава паедзе на месяц фатаграфіі да Менска.
Фотаздымкі можна паглядзець таксама на сайце аlbom.pl. Праект рэалізаваўся дзякуючы падтрымцы Міністэрства замежных спраў.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
* * *
Якія міфы, звязаныя з беларускай меншасцю і самой Беларуссю, існуюць у Польшчы? Дзе найлепшыя ўмовы для развіцця беларускай мовы? Між іншым, на гэтыя пытанні спрабавалі адказаць удзельнікі дыскусіі, арганізаванай фондам «VillaSokrates”. Экспертамі выступілі гісторык Алег Латышонак, айцец Кастусь Бандарук і першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які падзяліўся са слухачамі ўражаннямі са сваёй пабыўкі на Беласточчыне на пачатку 90-х гадоў:
– Я проста цешуся, што тут, на Беласточчыне, ёсць беларусы, ёсць людзі, якія ўсведамляюць, што яны беларусы, больш за беларусаў у маім родным Менску, родных вёсках, у роднай Беларусі. Яны, відавочна, апынуліся ў такім асяроддзі, дзе прыемна паказаць, хто такія сапраўдныя беларусы, і гэта не пярэчыць тым, хто іх акаляе, не пярэчыць таму польскаму асяроддзю, якое тут ёсць.
Дыскусія “Беларускі міф” у Беластоку адбылася ў межах фестывалю «Усход культуры», у межах якога прайшло шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі і беларусам.
[Not a valid template]
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
* * *
“Беларускі міф” – пад такой назвай у Беластоку прайшла дыскусія ў рамках XXV беларускага “Трыялогу”, прымеркаваная да “Усходу культуры”. У галерэі Сляньдзіньскіх сабраліся выбітныя гісторыкі, палітыкі і журналіты. Кажа Павал Гжэсь – старшыня фонду “Villa Sokrates”, які выступае ініцыятарам і арганізатарам дыскусіі:
– Нашымі панэлістамі былі Алег Латышонак, Кастусь Бандарук і Станіслаў Шушкевіч. А сустрэчу праводзіў Павал Смаленьскі з “Gazety Wyborczej” з Варшавы. Сустрэча праходзіла пад назвай “Беларускі міф у Беластоку”.
А ў межах “Усходу культуры” ў Беластоку ў галерэі Сляньдзіньскіх яшчэ сёння можна будзе паглядзець фільм Міколы Ваўранюка “Гавораць беларусы Падляшша”. Пачатак а 18 гадзіне. У кінатэатры “Форум” у 19.30 пачнецца паказ фільмаў з цыкла “Суседзі” і сустрэча з беларускім рэжысёрам Віктарам Аслюком.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток