У Гарадку ўшануюць памяць гітлераўскіх ахвяраў



У Гарадку адбудуцца памятныя мерапрыемствы прымеркаваныя да трагічнай падзеі 80-гадовай даўніны, калі гітлераўцамі была спалена вёска Папоўка. За дапамогу савецкім партызанам немцы 3 ліпеня 1943 году на габрэйскіх могілках у Гарадку расстралялі 37 чалавек –  дзесяць мужчын, адзінаццаць жанчын і шаснаццаць дзяцей. Самай малодшай ахвяры быў год, а старэйшай – 60 гадоў. Знішчаная вёска не аднавілася, на яе месцы цяпер усталяваны помнік.

Уладзіміру Дзенісіку, з недалёкай вёскі Валілы, у 1943 годзе было 13 гадоў. Пра трагедыю Папоўкі ён даведаўся ад сведкаў гэтых падзей:

Папоўку спалілі. А жыхароў пасадзілі на машыну і вывезлі. Ехалі шашой і перад чыгуначным вакзалам павярнулі на Гарадок. Там могілкі. Раней на Папоўцы ўжо быў чалавек, немцы прымусілі аднаго з жыхароў Гарадка, каб выкапаў вялікую яміну і каб чакаў. Пасля прымусілі яго засыпаць (забітых), некаторыя яшчэ варушыліся. Дзяцей не стралялі. Папіхалі ў яму, а ён засыпаў. Захварэў гэты чалавек, казаў: „Зямля варушыцца, а я сыплю”.

Мемарыяльныя мерапрыемствы прымеркаваныя да 80-й гадавіны пацыфікацыі вёскі Папоўка пачнуцца ў Гарадку 30 чэрвеня а 11-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя