У Гародні з’явіцца кавярня „Эва” ў гонар бургамістра Саколкі – Эвы Кулікоўскай
Саколка і Гародня супольна рэалізуюць транспамежны праект „Шляхам Тызенгаўза”. У рамках супрацоўніцтва будуць адноўленыя забытковыя камяніцы, паўстануць таксама роварныя сцежкі, на якіх змесцяць інфармацыю пра вартыя наведвання месцы Сакольшчыны. Пра паспяховую супрацу Саколкі і Гародні будзе сведчыць таксама новая гарадзенская кавярня, кажа бургамістр Саколкі Эва Кулікоўская.
– У Гародні, у тым будынку, які будзе рамантаваны па праекту „Шляхам Тызенгаўза”, з’явіцца кавярня. Старшыня гарвыканкаму Гародні спачатку паведаміў, што ў будынку будзе кавярня «Саколка». Але прыйшоў да іншай думкі, што ніхто яшчэ столькі не зрабіў для Гародні, як пані бургамістр. І таму кавярня будзе называцца «Эва». Усіх сардэчна запрашаю да маёй кавярні ў Гародні.
Праект „Шляхам Тызенгаўза” мае прасоўваць культурна-гістарычную спадчыну польска-беларускага памежжа. Працы над праектам пачнуцца ўжо ў гэтым месяцы.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя