У Германіі адчулі рост колькасці бежанцаў, якія трапілі ў ЕС праз Беларусь



Каля 250 нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў Германію праз Беларусь, затрымалі з пачатку года нямецкія паліцэйскія, паведамляе газета Die Welt са спасылкай на аналітычны даклад мясцовых органаў бяспекі аб нелегальнай міграцыі. Усе затрыманыя — выхадцы з Ірака. Пры гэтым аўтары дакумента адзначаюць, што колькасць нелегальных мігрантаў, якія заехалі ў ЕС з Беларусі, расце. Аналіз таксама паказаў, што арганізатары незаконнай міграцыі просяць бежанцаў запісаць відэа са словамі „Я ў Германіі”. „Мяркуецца, што гэта будзе „рэкламай” кантрабанды, а таксама можа вызваліць ад рэшткаў аплаты за паслугі кантрабандыстаў”, — гаворыцца ў дакуменце. Выданне распавядае пра групу іракцаў, якіх паліцыя выявіла 17 жніўня ў Саксоніі. Гэта былі „ў агульнай складанасці 15 іракскіх грамадзян без дакументаў”. У паліцыю пра іх паведамілі мясцовыя жыхары.

Выданне падрабязна распавядае аб сітуацыі, якая склалася на мяжы Літвы і Польшчы з Беларуссю, пра вялікі паток мігрантаў, і аб тым, што да крызісу можа быць датычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі.