У гэты дзень Беласток нарадзіўся нанова
У гэты дзень Беласток нарадзіўся нанова. Вернікі ж лічаць, што адбыўся сапраўдны цуд. Роўна 32 гады таму, 9 сакавіка 1989 года, адбылася самая небяспечная падзея ў гісторыі горада, паколькі ўсе жыхары аказаліся на мяжы трагічнай гібелі. Гэта быў цягнік G-1, які накіроўваўся з Савецкага Саюза ў ГДР, ён налічваў 32 вагоны, у тым ліку 15 цыстэрнаў. У шасці з іх вязлі вадкі хлор, у трох – парафін, усе астатнія былі пустымі, паколькі стваралі бар’ер для небяспечнага грузу. Тут трэба адзначыць, што вадкі хлор – гэта высока небяспечнае рэчыва па ўздзеянні на арганізм чалавека і навакольнае асяроддзе. Транспарт пераехаў граніцу Польшчы ўначы і блізу трэцяй гадзіны даехаў да Беластоку. Існуючы тады вакзал Фабрычны ён праехаў спакойна, а крыху пазней жыхароў вуліцы Палескай разбудзіў моцны гук – як стала вядома, чатыры 50-цітонныя цыстэрны з вадкім хлорам з’ехалі з рэек і ўпалі на чыгуначны насып недалёка ад моста. Калі б да здарэння дайшло на мосце, то цыстэрны з усёй верагоднасцю страцілі б сваю шчыльнасць, у выніку маглі б загінуць тысячы людзей. Хлор утварыў бы атрутную хмару на 50 кіламетраў.
Відавочцы распавядаюць пра вялікую паніку і страх, бо яшчэ была зусім жывой памяць пра выбух на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Сярод людзей пашыраліся чуткі, што хлор выцякае з цыстэрнаў і распаўсюджваецца нізам, таму людзі збіраліся ў суседзяў на больш высокіх паверхах, частка паспешліва пакідала горад, утвараліся заторы. На шчасце, трагедыі не адбылося, цыстэрны ўдалося бяспечна падняць і транспартаваць на хімічны завод у Влацлаўку. Тую ратаўнічую акцыю спецыялісты да гэтага часу ўзгадваюць як самую складаную ў іх жыцці. І няма нічога дзіўнага ў тым, што беластачане да гэтага часу лічаць, што адбыўся сапраўдны цуд выратавання.
Праз пяць гадоў пасля катастрофы, у месцы здарэння паставілі памятны крыж. Кожны год, 9 сакавіка, тут праходзяць рэлігійныя ўрачыстасці, збіраюцца шматлікія жыхары Беластоку, адбываюцца працэсіі. Праўда, сёлета ўрачыстасці пройдуць у больш сціплым фармаце з увагі на каронавірус. А што да прычын таго небяспечнага здарэння, то пракуратура высветліла, што да яго прывяла старая рэйка, якая лопнула пад націскам вялікага цяжару. У выніку працаўнікі чыгункі пачулі абвінавачанні ў невыкананні сваіх непасрэдных абавязкаў, што прывяло да пагрозы жыццю і здароўю людзей.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя