У гміне Бельска Падляшскага шукаюць шчэбень
Выключыць Раённую пракуратуру ў Бельску Падляшскім ад справы аб магчымым недавыканні абавязкаў войтам гміны Бельск Падляшскі патрабуе жыхар гміны Янка Мордань. 3 лістапада раённы суд у Бельску Падляшскім на закрытым пасяджэнні разглядаў скаргу Яна Морданя на пастанову Раённай пракуратуры ў Бельску Падляшскім аб адмове пачаць іск аб магчымым недавыканні абавязкаў войтам гміны Бельск Падляшскі падчас выканання Салецкага фонду за 2020 год.
Гаворыць жыхар гміны Бельск Падляшскі Янка Мордань:
– Прасіў, каб выключылі Раённую пракуратуру з гэтага, з увагі на тое, што пракуратура тое самае гаворыць, што і войт. Змагу звярнуцца да Акруговай пракуратуры, каб выключылі Раённую пракуратуру з гэтай справы.
Солтыс Аўгустова Ежы Анацік: У мяне было прызначана на рамонт дарогі каля 30 тысяч злотых, то павінна быць таго шчэбня каля 400 тон. А там, на маю думку, няма столькі. Ездзілі з яшчэ адным радным, шукалі па ўсёй гміне яшчэ шчэбень, нідзе не знайшлі.
Аб тым, якая пракуратура будзе займацца расследаваннем выканання Салецкага фонду за 2020 год ў гміне Бельск Падляшскі, вырашыць Акруговая пракуратура ў Беластоку. Справа датычыць размеркавання шчэбня на вясковыя дарогі. Пасля грамадскай праверкі аказалася, што шчэбень у патрэбных аб’ёме на вызначаных дарогах адсутнічае, або заменены жвірам і пяском.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя