У Інаўроцлаве ўшанавалі памяць Язэпа Найдзюка
Беларусы з розных куткоў Польшчы ўшанавалі ў Інаўроцлаве памяць выбітнага беларускага дзеяча Язэпа Найдзюка, угодкі смерці якога прыпадаюць на 14-га лютага.
У міжваенны час друкарня імя Францішка Скарыны, якой кіраваў Язэп Найдзюк, была цэнтрам беларускага друку і літаратуры ў Заходняй Беларусі.
Каля шыльды ў гонар Язэпа Найдзюка выступілі прэзідэнт гораду Інаўроцлаў Рышард Брэйза, уласнік друкарні POZKAL Артур Хэнсы i прадстаўнік Цэнтру Беларускай Салідарнасці Анатоль Міхнавец. Удзельнікі ўрачыстасці наведалі музей, дзе захоўваюцца экспанаты, звязаныя з асобай Найдзюка. Пазней актывісты наведалі месца пахавання нацыянальнага дзеяча, дзе Анатоль Міхнавец расказаў пра ўнёсак друкара ў беларускую культуру і гісторыю.
Удзельнікі акцыі аддалі даніну павагі і запалілі знічы.
