У інтэрнэце паўстае „Беластоцкі беларускі музей”



У Фэйсбуку ўжо некалькі тыдняў працуе віртуальны „Беластоцкі беларускі музей”. У адпаведнай групе публікуецца інфармацыя звязаная з дзейнасцю беларускіх арганізацыяў Беластока і Беласточчыны, вытрымкі з газетных нумароў, дэталі біяграфіяў славутых беларускіх дзеячаў.

Стваральнік суполкі Аляксей Трубкін адзначае, што нягледзячы на вір падзей у дваццатым стагоддзі, беларусы на Беласточчыне не пакідалі нацыянальнай дзейнасці:

– Ёсць міжваенны перыяд, ёсць савецкая акупацыя 1939-41, нямецкая акупацыя ды пасляваенны перыяд ПНР. Ва ўсе часы беларусы ў Беластоку і на Беласточчыне гуртаваліся, змагаліся за свае правы, выдавалі літаратуру, пакідалі пасля сябе розныя друкаваныя крыніцы, частка якіх цяпер даступная дзякуючы інтэрнэт-бібліятэцы „Камунікат”.

Шмат інфармацыі ўсё яшчэ захоўваецца ў прыватных архівах альбо ў выдадзеных папяровых часопісах і кнігах, якія яшчэ належыць даследаваць. Але і тая інфармацыя, якая ўжо трапіла ў інтэрнэт, мае патрэбу ў сістэматызацыі, кажа Аляксей Трубкін:

– З адсканаваных кніг і газет хочацца выцягнуць асобныя здымкі і артыкулы, якія прысвечаныя канкрэтным асобам, фактам. Міналі гады, дзесяцігоддзі, усё гэта збіралася, назапашвалася, гэта вельмі добра. Цяпер існуе цэлы пласт з якога можна выцягнуць цікавосткі.

Мадэратар групы заклікае ўсіх, хто мае нейкую інфармацыю, успаміны, дзённікі, фотаздымкі пра дзейнасць беларусаў Падляшша, дасылаць іх праз суполку альбо асабіста яму ў „Фэйсбуку”.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя