У Харкаве пройдуць першыя пахаванні ахвяраў тэракту
У Харкаве на Усходзе Украіны сёння пройдуць першыя пахаванні ахвяраў нядзельнага тэракту. 22-га лютага падчас правядзення “Маршу годнасці” прагрымеў выбух, у выніку якога на месцы загінулі 2 чалавекі. Пазней у шпіталі ад атрыманых раненняў памерлі яшчэ дзве асобы. Служба бяспекі Украіны яшчэ ў нядзелю затрымала чатыры асобы, якія, паводле СБУ, з’яўляюцца выканаўцамі тэракту.
Сам тэракт адбыўся побач з Палацам спорту, дзе год таму сепаратысты праводзілі свой з’езд з удзелам абласнога і раённага кіраўніцтва ды былога прэзідэнта Віктара Януковіча, кажа харкаўскі актывіст Сяргей Кузан:
– Выбухоўка была на радыёкіраванні. Яна была закладзена ў снежную гурбу. Добра, што частку гэтага выбуху ўзяла на сябе машына, якая праехала побач.
Напярэдадні прэзідэнт Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў лідара харкаўскага Еўрамайдану Ігара Талмачова, які загінуў у тэракце, ордэнам “За мужнасць 3 ступені”. Сярод ахвяраў тэракту таксама супрацоўнік міліцыі, пятнаццацігадовы юнак і васямнаццацігадовы студэнт.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота © soborna.com