У Харкаве школьнікі будуць вучыцца ў метро



У Харкаве школьнікі некалькі разоў на тыдзень будуць вучыцца ў памяшканнях метрапалітэна. У горадзе сфармавалі ўжо 60 такіх класаў на 1003 дзяцей, паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў. Раней ён тлумачыў, што карміць школьнікаў будуць бясплатна, а да метро іх плануюць падвозіць на аўтобусе.

Гарадскі кіраўнік адзначаў, што ў метрапалітэне ўладкоўваюць памяшканні для навучання школьнікаў, а менавіта усталёўваюць сістэмы рэкуперацыі паветра, наладжваюць асвятленне, ставяць прыбіральні. Церахаў кажа, што знаходжанне школьнікаў у метро ў час вучобы не паўплывае на працу падземкі і магчымасці выкарыстання яго падчас паветранай трывогі. Наогул установы агульнай сярэдняй адукацыі Харкава пачнуць навучальны год у дыстанцыйным рэжыме.