У кіеўскім метро амаль штодня шукаюць бомбы



Інфармацыі пра нібыта замінаванае метро паступаюць на міліцэйскія пульты Кіева практычна штодня. Сёння зраніцы ва ўкраінскай сталіцы зноў зачынілі станцыю падземкі. На гэты раз – “Плошча Льва Талстога”.

З Украіны паведамляе наш карэспандэнт Марцін Война:

– З раніцы і сама станцыя, і пераход на станцыю „Палац спорту” не працавалі з-за магчымай пагрозы тэрарыстычнага акта. Пра пагрозу невядомыя паведамілі па тэлефоне а 9-й раніцы. Усе пасажыры былі эвакуяваныя. Цягнікі ішла праз станцыю не спыняючыся. А на платформе і экскалатарах працавалі сапёры і праваахоўнікі. Ані выбухоўкі, ані дэтанатараў сапёры не знайшлі. І праз гадзіну станцыю адкрылі для пасажыраў. Гэта ўжо чацвёртае паведамленне пра магчымы тэракт ў кіеўскім метро. За апошнія дні праваахоўнікі атрымалі паведамленне пра нібыта замінаваныя станцыі „Тэатральная”, „Арсенальная” і „Залатая Брама”. Ва ўкраінскай Радзе бяспекі і абароны ўпэўненыя, што сігналы пра закладзеныя ў метро бомбы – спробы тэрарыстаў дэстабілізаваць сітуацыю ва ўкраінскай сталіцы.

Беларускае Радыё Рацыя