У Кіеве беларусы ўшанавалі памяць Віталя Шышова
Некалькі сотняў беларускіх уцекачоў прыйшлі ўвечары да Амбасады Беларусі ва Украіне, каб ушанаваць памяць загінулага прадстаўніка „Беларускага дому ва Украіне” Віталя Шышова.
Знаёмыя і сябры Віталя Шышова трымалі ягоныя фотаздымкі і кветкі, дзяліліся ўспамінамі пра яго, а пазней запалілі фаеры ў бел-чырвона-белых колерах. Большасць удзельнікаў акцыі лічаць гібель Віталя Шышова палітычным забойствам і патрабуюць ад уладаў Украіны дэталёвага расследавання і належнага рэагавання. Удзельнікі акцыі таксама адзначалі, што разглядаюць гібель Віталя Шышова як спробу запалохаць і дэмаралізаваць беларускіх актывістаў, якія знайшлі прытулак ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Радыё Свабода
