У Кіеве прайшлі беларускія „Дзяды”
31 кастрычніка Рух Салідарнасці „Разам” ва Украіне правёў акцыю ў мемарыяле Быкіўнянскія магілы. Упершыню ў гісторыі Кіева адбылося шэсце і мітынг, прысвечаныя традыцыйным беларускім Дзядам. Пад транспарантам „Дзяды-2021” беларусы прайшлі шэсцем да крыжоў, усталяваных у памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Кіеве.
У час кароткага мітынгу, які адбываўся ва ўкраінскай і польскай частцы мемарыяла, выступілі лідары Руху Салідарнасці „Разам” Алена Талстая і Вячаслаў Сіўчык, навуковая супрацоўніца мемарыяльнага комплексу Быкіўнянскія магілы Наталля Амонс, прадстаўнік кіеўскага Беларускага размоўнага клуба Руслан Іванюк.

Пасля хвіліны маўчання па ахвярах камуністычных рэпрэсій былі запалены знічкі і ўскладзены кветкі да крыжоў. „Слава Украіне!”, „Жыве Беларусь! Слава Нацыі!”, – гэтыя лозунгі аб’ядноўвалі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства ў святым для кожнага украінца месцы, – у Быкіўні.




Для ўкраінскіх удзельнікаў было цікава пачуць расповяды аб агульнанацыянальных выправах у Катынь, якія Рух Салідарнасці „Разам” праводзіў, пачынаючы з 2009 года, і шматлікіх акцыях у Беларусі, у тым ліку пра стварэнне ўнікальнага Нацыянальнага Некропаля ў Курапатах, які паўстаў дзякуючы гераічным высілкам прадстаўнікоў беларускага грамадства ў жорсткім супрацьстаянні з сенняшнімі ўладамі Беларусі. Боль ў кожным слове прамоваў, якія гучалі на Дзядах у Кіеве пра ахвяры украінскай і беларускай нацый падчас камуністычных рэпрэсій, пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, працінаў сэрцы кожнага ўдзельніка акцыі. Напэўна ўпершыню ў гісторыі Быкіўні, па заканчэнні акцыі прагучала малітва „Ойча Наш” беларускай мовай.
