На Майдане тэхніка зносіць барыкады (абноўлена)



Камунальнікі разбіраюць барыкады на вуліцы Крэшчацік у Кіеве.

Пра гэта паведамляюць „Украінскія навіны”.

Па стане на 16:55 на Майдане Незалежнасці працуе тры трактары, тры грузавікі для вывазу смецця і каля 50 супрацоўнікаў камунальных службаў.

На дадзены момант ужо разабраны барыкады на вуліцы Крэшчацік з боку Еўрапейскай плошчы.

Жыхары намётавага мястэчка супраціву не аказваюць.

Як вядома, у пятніцу насельнікі Майдана паабяцалі вызваліць праезную частку на Крэшчаціку.

У чацвер камунальнікі паспрабавалі з дапамогай тэхнікі дэмантаваць барыкады на Майдане, але гэта прывяло да сутыкненняў і спроба была спынена.

* * *

Еўрамайдан на Плошчы Незалежнасць у Кіеве пакуль застаецца. Камунальнікі разам з міліцыяй у чацвер пачалі разбіраць барыкады і намёты, але гэта скончылася сутычкамі з асобамі, якія па-ранейшаму застаюцца на Майдане.

Паводле актывістаў, пратэсты яшчэ не зрабілі сваю справу, і новую ўладу Майдан павінен кантраляваць. Хаця адносна Майдана, у тым выглядзе, як ён існуе сёння, есць і іншыя меркаванні – сказаў ў праекце «Месца для прэсы» журналіст Грамадскага ТВ Андрэй Сайчук, які ў гэты дзень быў на Плошчы:

– Цяпер на Майдане шмат нецвярозых людзей, шмат дэкласаваных элементаў. І калі такія маральныя аўтарытэты, як кардынал Любамір Гузар, кажуць, што гэта ўжо стала пародыяй на Майдан, то да такіх людзей варта прыслухоўвацца.

Паводле журналіста, у цяперашніх уладаў не хапае палітычнай волі, каб на сябе ўзяць адказнасць за ліквідацыю Майдана:

– Сённяшнія новыя палітычыя лідары, такія як міністр Арсэн Авакаў, як генеральны пракурор Віталь Ярэма, мэр Кіева Віталь Клічко не гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за тое, што яны сапраўды хочуць расчысціць Майдан, хоць яны рабілі пэўныя заявы. Расчысціць яго можна жорстка, дэкларуючы, што “мы – ўлада, і мы бяром на сябе усю адказнасць, у тым ліку і палітычную”.  

Таксама новыя ўлады не могуць дамовіцца з майданаўцамі, якія пакуль не збіраюцца пакідаць плошчу Незалежнасці ў Кіеве – заўважае журналіст Андрэй Сайчук.

Яшчэ у пачатку ліпеня генеральны пракурор Украіны Віталь Ярэма даручыў кіраўніцтву МУС і СБУ прыняць меры па вызваленні цэнтральнай часткі Кіева. Міністар унутраных спраў Арсен Авакаў таксама заяўляў, што Майдан у цяперашнім выглядзе існаваць не можа. Пра намер «разабраць» Майдан неаднаразова заяўляў і мэр Кіева Віталь Клічко.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя