У Кіеве застрэлены прарасейскі журналіст Алесь Бузіна



Ва Украіне працягваюцца забойствы ўсіх, хто мог праясніць сітуацыю з масавымі растрэламі на Майдане ў лютым 2014 года.

Колькі гадзінаў таму ў Кіеве, каля свайго дома, быў застрэлены Алесь Бузіна. Паводле сведкаў, кілеры стралялі з машыны з беларускімі ці латышскімі нумарамі.

У праўкраінскіх колах гэты журналіст і пісьменнік называўся няйначай, як “адыёзны”. Бузіна прытрымліваўся шчыра ўкраінафобскіх поглядаў, адмаўляў украінцам у праве на самавызначэнне, а самой Украіне ў дзяржаўнасці. Пры гэтым усе прыхільнікі ўкраінскага нацыянальнага адраджэння называліся ім няйначай, як “фашысты” і “неанацысты”.

У апошнія часы Алесь Бузіна працаваў шэф-рэдактарам рускамоўнага таблоіда “Сегодня” з больш чым мільённым накладам. Газета фінансуецца бізнэсовымі групамі Рэната Ахметава.

Як літаратар, Бузіна стаў вядомым пасля выхаду публіцыстычнай кнігі “Тарас Шаўчэнка – вурдалак”, у каторай выліў на ўкраінскага паэта куды больш бруду, чым гэта рабілася ў 19 стагоддзі царскімі ўладамі. Агрэсіўнай нянавісцю да ўсяго ўкраінскага прасякнутыя ягоныя кнігі публіцыстыкі “Воскрешение Малороссии» і «Союз плуга и трезуба. Как придумали Украину».

У 2011 годзе, непасрэдна ў прамым эфіры тэлевізійнага ток-шоў “Вялікая палітыка”, Алесь Бузіна атрымаў фізічны адлуп ад украінскага мастака Сяргея Паяркова. Падчас леташніх падзеяў на Майдане Алесь Бузіна быў адным з ідэолагаў прарасейскіх сілаў, уваходзіў у “Русский блок».

Яго сведчанні напэўна маглі б высвятліць і крыніцы фінансавання Антымайдана, і імёны злачынцаў.

Спачуванне сям’і Алеся Бузіны ўжо выказаў прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін.

Для Беларускага Радыё Рацыі – Марцін Война, Украіна.

Фота Unian.net