У Кнышыне на Падляшшы паказалі спектакль „Дзяды. Плач памежжа”



Тут дэкарацыя — сама прырода, магія паэзіі Адама Міцкевіча і народны душэўны спеў. У Кнышыне на Падляшшы паказалі спектакль „Дзяды. Плач памежжа”. Акцёры аднавілі рытуал, спасылаючыся на тэксты Адама Міцкевіча ды народныя жалобныя песні розных культур і веравызнанняў, якія сустракаюцца на Падляшшы. Як кажа кіраўнік Кнышынскага асяродка культуры, тэатразнаўца Конрад Шчабёт менавіта другая частка „Дзядоў” Адама Міцкевіча найбольш напоўненая абраднасцю і аўтэнтычнай культурай. Таму гэта стала асновай спектакля.

„Народная культура Навагрудчыны. Шматкультурнай Навагрудчыны. Рэалізуючы яе на Падляшшы мы заўважылі, што тая мешаніна культур, якая на сённяшні дзень прысутнічае ў Падляшскім ваеводстве, больш меньш нагадвае мешаніну культур на Навагрудчыне. Гэты рытуал „Дзядоў” узбагачаны традыцыйнымі народнымі песнямі. Польскія, беларускія, жыдоўскія, якія вырастаюць дакладна з гэтай самай крыніцы, з якой калісці чарпаў Адам Міцкевіч”.

Адам Міцкевіч, класіка не толькі польская, але і суседніх народаў, сусветная. Таму паставіць гэтыя тэксты, зразумець яго і інтэрпрэтаваць па-мастацку – выклік для кожнага рэжысёра, кажа аўтар спектакля Гжэгош Сускі.

„Калі мы паглыбімся ў гэты тэкст, падумаем над ім і пашукаем там больш глыбокія пласты, ён стане тэкстам, які паказвае нам наш лёс. На жаль, мы ўсе памрэм. Гэта канкрэтны твор, мясцовы, настолькі мясцовы і універсальны, што яго можна чытаць ва ўсім свеце, бо ён тычыцца вельмі канкрэтных рэчаў. Напрыклад нараджэння, жыцця, таго што вы адчуваеце ў жыцці, матывацыі, прычын, чаму мы нешта робім, і адказнасці за тое, што мы робім. А таксама проста таго, што ўвесь шлях ад нараджэння вядзе нас да смерці”.

Спектакль „Дзяды. Плач памежжа” поўны магіі і душэўных песень. Часткова забытыя песні збіраліся падчас даследаванняў падляшскага фальклору. Акрамя прафесійных акцёраў – песні выконваюць аматарскія спевакі з мясцовых фальклорных калектываў гміны Кнышын.

Праект – сфінансаваны са сродкаў Міністэрства культуры ў рамках праграмы Нацыянальны цэнтр культуры EtnoPolska2021 ды са сродкаў маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя