Кангрэс даследчыкаў Беларусі ўручыў свае прэміі (абноўлена)



Кангрэс даследчыкаў Беларусі традыцыйна ў перадапошні дзень працы ўручыў свае прэміі. Прэміі прысуджаюцца як за кнігі, так і за артыкулы, прычым асобныя прэміі прысуджаюцца за артыкулы на замежных мовах – на ангельскай і на польскай.

Кажа адзін з арганізатараў Кангрэсу гісторык Аляксей Ластоўскі:

– У гэтым годзе былі дзве дадатковыя намінацыі для замежных аўтараў, паколькі павысіўся інтарэс да Беларусі. Мы ўвялі асобную намінацыю для англамоўных артыкулаў пра Беларусь за апошнія гады. Там перамог украінскі сацыёлаг Уладзімір Арцюх. Таксама разглядалася польскамоўная манаграфія, бо ў Польшчы традыцыйна шмат пішуць пра нашу краіну. Там разглядаліся кнігі, якія былі выпушчаныя за мінулыя пяць гадоў. У гэтай намінацыі перамог Томаш Блашчык, які напісаў грунтоўную кнігу пра беларусаў у Літоўскай Рэспубліцы міжваеннага часу. Таксама былі тры традыцыйныя ўжо ў нас катэгорыі па сацыяльна-палітычных артыкулах. Перамагла Таццяна Кулакевіч, і ў гуманітарных навуках прэмію імя Зоры Кіпель па артыкулах атрымала Вольга Лабачэўская. У катэгорыі манаграфіі перамог Алесь Суша. Калі казаць пра нашу самую грунтоўную катэгорыю – гэта гісторыя, то за лепшы артыкул – Алесь Пагарэлы, за лепшую манаграфію – Ірына Раманава.

Сёння кангрэс працуе апошні дзень. Галоўнай падзеяй стане дыскусія „Думаць Беларусь. Інтэлектуальныя праграмы як практыка пераўтварэння грамадства”. А завершыцца форум пасяджэннем, на якім будзе наладжана падсумаванне працы кангрэса.

Бадай самая вядомая замежная ўдзельніца Кангрэсу – гэта паэтка з Гішпаніі, якая піша вершы па беларуску, Анхела Эспіноса Руіс, якая лічыць гэты форум сваёй асноўнай падзеяй году:

Для мяне Кангрэс кожны год – гэта мерапрыемства года. Я заўсёды чакаю, я прыязджаю ўжо з 2016 году, я не прапускала ніводнага Кангрэсу, толькі калі не было два гады ў 2018 і 2020. У гэтым годзе я адчувала, што вельмі важна прыехаць сюды і пабачыць, што скажуць эксперты не толькі па літаратуры, якая развіваецца на фоне гістарычных падзеяў, а таксама па міжнародных адносінах, па палітыцы, па вайне.

Адной з цэнтральных тэмаў, якія абмяркоўваліся на сёлетнім Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў літоўскім Коўне, была вайна ва Украіне. На Кангрэс прыехала шэраг украінскіх экспертаў, якія ўдзельнічалі ў дыскусіях па гэтым пытанні. Кажа ўкраінскі эксперт, дырэктар Інстытуту міжнароднай палітыкі Яўген Магда:

– Тэза пра братні народ – гэта расейская тэза. Тэза пра трыадзіны славянскі народ, якая эксплуатуецца яшчэ з 19-га стагоддзя і ў гэтым трыадзіным славянскім народзе ўкраінцы і беларусы аднолькава малодшыя браты. Я не хачу быць малодшым братам расейца, я не хачу быць старэйшым братам беларуса, я хачу быць суседам. Стаўленне ўкраінцаў да беларусаў яно фармуецца тым, што сотні ракет прыляцела з тэрыторыі Беларусі. Але я не кажу беларусам: „Давайце, лавіце голымі рукамі”. Я напрыклад, бачу, што грамадзянская актыўнасць беларусаў узрастае, калі яны пакідаюць межы сваёй Бацькаўшчыны.

Кангрэс даследчыкаў Беларусі сёння завяршае сваю працу. Галоўнай падзеяй сённяшняга дня стане дыскусія „Думаць Беларусь. Інтэлектуальныя праграмы як практыка пераўтварэння грамадства”.

У літоўскім Коўне праходзіць дзясяты, юбілейны, Кангрэс даследчыкаў У літоўскай Коўне другі дзень ідзе праца Кангрэсу даследчыкаў Беларусі. Тут разглядаліся шматлікія пытанні, датычныя Беларусі, – ад аналізу беларускай эканомікі, да стану літаратуры, а таксама абмяркоўваліся адносіны Беларусі і Украіны ў кантэксце вайны і пытанні беларускай ідэнтычнасці.

Сваімі ўражаннямі ад Кангрэса дзеліцца мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

Калі заўгодна, то гэта цэлая Акадэмія навук на выездзе. Канешне, гэта новыя ідэі, апрабацыя стылю і парадку выкладання той інфармацыі, якую ты збіраешся данесці. Калі глядзіш на сябе ва ўмоўнае люстэрка іншых калег з іншых краін, то гэта, канешне, самадысцыплінуе і правярае вартасць таго, што ты робіш у параўнанні з іншымі.

Другі дзень Кангрэсу таксама абяцае быць насычаным. Сярод іншых будуць абмяркоўвацца такія вострыя пытанні: як санкцыі ў адносінах Беларусі і праблемы беларускай дыяспары ў святле апошніх падзеяў у рэгіёне.

„Вайна ва Украіне з’яўляецца цэнтральнай тэмай абмеркаванняў і дыскусій на форуме”, – кажа доктар паліталогіі, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў „Палітычныя сфера”, галоўны арганізатар кангрэсу Андрэй Казакевіч:

– Канешне, колькасць панэляў і колькасць выступаў, прысвечаных крызісу, вайне ва Украіне, расейскай агрэсіі супраць Украіны, гэта вельмі вялікая тэма, яна можа нават дамінуе зараз ва ўсіх дыскусіях, разам з тэмай беларускага палітычнага крызісу, крызісу ў беларускай эканоміцы, крызісу ў беларускім грамадстве, які не спыняецца. З’яўляюцца ўсё новыя выклікі, адбываюцца нечаканыя і пераважна негатыўныя працэсы ў беларускай палітыцы і ў беларускім грамадстве, у беларускай эканоміцы. Таму ўсе гэтыя праблемы, усе гэтыя выклікі з’яўляюцца цэнтральнай тэмай.

Сярод іншых шматлікіх мерапрыемстваў другога дня форума, сёння ўвечары адбудзецца традыцыйнае ўручэнне прэмій кангрэса за лепшыя кнігі і публікацыі ў беларускай гуманітарнай сферы.

Кангрэс, які пачаўся сёння ў Коўне, увашоў у свой працоўны рытм. Спачатку адбылося адкрыццё Кангрэса і шэраг агульных пленарных паседжанняў. А затым праца пачалася ў панэльных групах, якія працуюць адразу на трох пляцоўках.

«Галоўнай праблемай сёлетняга Кангрэсу стала палітычная сітуацыя ў Беларусі, якая перашкодзіла многім беларускім даследчыкам прыехаць на форум у Літву», – кажа доктар паліталогіі, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў „Палітычныя сфера”, галоўны арганізатар Кангрэсу Андрэй Казакевіч:

-Кожны кангрэс мае свае складанасці, таму я не магу сказаць, што сітуацыя больш складаная, чым яна была пяць год таму, ці тым больш дзесяць – калі ініцыятыва толькі пачыналася. Але сапраўды мы маем новыя выклікі, якіх не мелі да гэтага. Яны звязаныя з усім тым, што адбываецца і ў Беларусі, і ў нашым рэгіёне. Канешне, палітычны клімат, які склаўся ў Беларусі, не спрыяе таму, каб беларуская акадэмічная супольнасць мела магчымасць свабоднай камунікацыі.

На пленарных паседжаннях многія выступоўцы жадалі Кангрэсу ў наступным годзе правесці форум у Менску. У мерапрыемстве бяруць удзел 300 спецыялістаў з розных, пераважна гуманітарных, дысцыплін.

Русціс Камунтавічус

„У гэтым годзе вельмі складана было выехаць на Кангрэс даследчыкам з Беларусі”, – кажа галоўны арганізатар Кангрэсу з літоўскага боку, дацэнт унівесітэту Вітаўта Вялікага і дырэктар інстытуту Вялікага Княстава Літоўскага Русціс Камунтавічус:

– У гэтым годзе з Беларусі вельмі шмат людзей не маглі прыехаць не з-за кавіду, а з-за палітычных розных рэчаў. Вельмі складана было з візамі, але беларусы прыехалі з Еўропы, гэта прыемна. Многа не беларусаў. Раней вельмі шмат украінцаў было, цяпер украінцаў менш, але многа літоўцаў, палякаў, з Нямеччыны, з іншых краін.

Кагрэс даследчыкаў Беларусі будзе працаваць да 2-га кастрычніка. Ён прадугледжвае не толькі акадэмічныя секцыі, але і дыскусіі па актуальных грамадска-палітычных тэмах з удзелам беларускіх і замежных экспертаў.

Беларускае Радыё Рацыя