У Кракаве памёр кампазітар Кшыштаф Пендэрэцкі
Пасля працяглай і цяжкай хваробы ва ўзросце 86 гадоў памёр Кшыштаф Пендэрэцкі – выдатны мастак, адзін з самых вядомых і паважаных польскіх кампазітараў у свеце.
Інфармацыю пацвердзіла сям’я.
Больш за 15-ць гадоў Кшыштаф Пендэрэцкі быў патронам Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі „Гайнаўка” у Беластоку, кажа дырэктар фестывалю Мікалай Бушко:
– Ён быў зычлівы, адкрыты на ўсе нашыя праблемы. Я звязаўся па тэлефоне са спадарыняй Эльжбетай Пендэрэцкай, выказаў словы спачування. Даслалі на электронны адрас нашыя адмысловыя спачуванні ад імя ўсіх меламанаў Гайнаўкі і Падляшша. Сярод меламанаў, сярод аматараў царкоўнай музыкі ёсць вялікая колькасць людзей, якія ездзілі на яго канцэрты.
Ён нарадзіўся 23 лістапада 1933 года ў Дэнбіцы. Ён пачаў вывучаць кампазіцыю пад кіраўніцтвам Францішка Скалышэўскага. Працягваў вучобу ў дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе (цяпер Акадэмія музыкі) у Кракаве пад кіраўніцтвам Артура Малаўскага і Станіслава Вяховіча. Скончыў у 1958 годзе і стаў асістэнтам кафедры кампазіцыі С. Вяховіча.
У 1966-68 гадах Пендэрэцкі быў выкладчыкам Volkwang Hochschule für Musik у Эсэне (Германія). У 1968 годзе атрымаў стыпендыю ў Германіі ў межах студэнцкага абмену (DADD). У 1972 г. прызначаны рэктарам Кракаўскай акадэміі музыкі.
Музыку Кшыштафа Пендэрэцкага шмат разоў выкарыстоўвалі рэжысёры фільмаў. Творы Пендэрэцкага былі ўключаны ў такія фільмы, як „Экзарцыст” Уільяма Фрыдкіна, „Ззянне” Стэнлі Кубрыка, „Дзікасць сэрца” Дэвіда Лінча, „Чалавечыя дзеці” Альфонса Куарона, „Катынь” Анджэя Вайды і „Востраў таямніц” Марціна Скарсэзэ.
Беларускае Радыё Рацыя