У красавіку пачнуцца забастоўкі польскіх настаўнікаў



Прэзідэнт Беластока сабраў крызісны штаб у сувязі з аб’яўленай на 8 красавіка забастоўкай настаўнікаў і працаўнікоў адукацыі. Галоўная мэта штаба – падрыхтоўка спосабаў вырашэння крызісных сітуацый, звязаных з наступствамі забастоўкі.

Кажа намеснік прэзідэнта Беластока Рафал Рудніцкі:

У сітуацыі, якая мае месца на дадзены момант у сферы адукацыі, неабходным ёсць стварэнне такога штаба, які будзе займацца найперш лагістычнай падрыхтоўкай да крытычных сітуацый, звязаных з запланаваным страйкам, а таксама дзейнасцю, скіраванай на бацькоў і навучэнцаў, якая мае на мэце лагодзіць наступствы страйку. Для нас важна мець паразуменне з настаўнікамі, каб мы маглі супольна вызначыць дзяжурствы, каб дзеці, якія будуць прыходзіць у адукацыйныя ўстановы, мелі апеку.

Па ўсёй Польшчы адмяняюцца ўрокі і заняткі ў дзіцячых садках. Настаўнікі патрабуюць павелічэння заработнай платы на 1000 злотых. Улады Беластока падтрымліваюць настаўнікаў у іх змаганні, бо бягучая сітуацыя можа прывесці ў будучым да дэфіцыту высокакваліфікаваных педагагічных кадраў.

Мы як горад лічым, што гэтыя пратэсты з боку настаўнікаў слушныя, і падтрымліваем іх пазіцыю ў дачыненні да міністра нацыянальнай адукацыі. Мы мяркуем, што фінансаванне сферы адукацыі недастатковае, таму мы як самаўрады і асабліва вялікія гарады вымушаны даплачваць да функцыянавання асветы, а з боку міністэрства маем дачынне з такой з’явай, як перакідванне адказнасці на самаўрады, вызначэнне для іх дадатковых заданняў.

Да забастоўкі далучаюцца амаль 80% школ і дзіцячых садкоў па ўсёй Польшчы. Менавіта ў іх могуць быць праблемы з правядзеннем экзаменаў у пачатковых школах і на атэстат сталасці. Дата заканчэння забастоўкі не вызначана.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі