У Крушынянах апаганілі мячэць
У Крушынянах працягваюцца працы па ліквідацыі наступстваў вандалізму, у выніку якога ў нядзелю ноччу былі пашкоджаныя і апаганеныя мясцовая мячэць і мусульманскія могілкі. Як паведаміў старшыня мясцовай мусульманскай гміны Браніслаў Талькоўскі, працы пад кіраўніцтвам ваяводскага кансерватара помнікаў гісторыі ўжо часткова выкананыя:
– Зараз нам дождж крыху перашкаджае. Але малюнкі з мячэці мы ўжо знялі пры дапамозе спецыяльнай машыны. Помнікі таксама адмылі. Іх аднаўленню перашкаджае дождж.
Акт вандалізму у Крушынянах выклікаў шырокі рэзананс у медыях і грамадстве. Мясцовыя мусульмане з прыкрасцю падкрэсліваюць, што гэта адбылося ў першыя суткі мусульманскага посту Рамадан. Падляшская паліцыя расследуе інцыдэнт і абяцае знайсці і пакараць вінаватых.
* * *
Мусульманскі саюз у Польшчы асудзіў інцыдэнт у Крушынянах, дзе невядомыя вандалы размалявалі абразлівымі надпісамі мясцовую мячэць і памятныя пліты на могілках. Па словах прэс-сакратар муфція Томаша Міськевіча Мусы Чахароўскага, для падляшскіх татараў гэта асабліва прыкры інцыдэнт, паколькі ён супаў з пачаткам мусульманскага посту – Рамадану.
– Гэта штосьці незразумелае. Бо, гледзячы на тыя рысункі, відавочна, што гэта без складу і ладу. Гэта простая агрэсія, якая ні пра што не сведчыць. Тым больш яны прыкрываюцца сімвалам Polski Walczącej. Гэта так брыдка. Як можа абараніць сябе такая маленькая мячэць?
Апаганьванне мячэці і мізару асудзіў падляшскі ваявода Мацей Жыўна, які адзначыў гістарычныя заслугі татараў для Рэчыпаспалітай і карэктныя суадносіны паміж імі і польскай большасцю. Муса Чахароўскі выказаў спадзяванне, што падляшская паліцыя зробіць усё магчымае, каб знайсці і пакараць вінаватых, паколькі ў мінулым падобныя інцыдэнты заставаліся нераскрытымі.
* * *
У ноч з суботы на нядзелю невядомымі была апаганена мячэць у Крушынянах, што пад Саколкай. Таксама знішчаныя мусульманскія помнікі на могілках.
Кажа прэс-скаратар падляшскай паліцыі Анджэй Бараноўскі:
– Сёння перад 9 раніцы мы атрымалі тэлефонны званок з інфармацыяй пра здарэнне ў Крушынянах. На сценах мячэці і помніках на суседніх могілках былі намаляваныя фарбаю розныя сімвалы. Паліцыянты знайшлі сляды і доказы злачынства. Цяпер працягваюцца дзеянні, накіраваныя на выяўленне і затрыманне вінаватых. Крымінальныя росшукі будуць праводзіцца па справе апаганення пахаванняў і рэлігійнай абразы.
Татары пражываюць у Крушынянах з 17 стагоддзя. Мячэць, якая ўночы была апаганена, збудавана ў другой палове 18-га стагоддзя або ў першай палове 19-га.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота wiadomosci.gazeta.pl