У Крушынянах паўстане Цэнтр мусульманскай адукацыі і культуры
Цэнтр мусульманскай адукацыі і культуры польскіх татараў паўстае ў мясцовасці Крушыняны на Падляшшы. “Мы плануем найперш адукаваць людзей, знаёміць іх з нашай культурай і рэлігіяй, бо татары жывуць на гэтых землях ужо 330 гадоў”, – кажа старшыня Мусульманскай рэлігійнай абшчыны ў Крушынянах Браніслаў Талькоўскі. Ён прыгадвае, што гісторыя мясцовых татараў заўсёды была моцна звязаная з Польшчай, у тым ліку з яе вайсковай гісторыяй:
– І гэты цэнтр павінен канцэнтраваць усю гэтую інфармацыю. Мы плануем знайсці яшчэ старыя рэчы, фотаздымкі, якія людзі захоўваюць у сваіх хатах і якія раней не было магчымасці і месца паказаць. Такое месца ствараецца якраз тут. Гэта будзе музей, музей матэрыяльнай культуры, куды можна прыйсці, паглядзець і дакрануцца. Адначасова мы ствараем электронную версію музея, каб займацца адукацыяй найперш моладзі, якая да нас прыязджае.
Таксама новы Цэнтр будзе спрыяць развіццю турыстыкі і служыць чальцам мусульманскай рэлігійнай абшчыны – дадае Браніслаў Талькоўскі. Завяршэнне будаўніцтва і адкрыццё Цэнтру плануецца ўжо сёлета летам. Агульны кошт інвестыцыйнага праекта складае каля 5,5 мільёнаў злотых, з якіх 3,5 мільёны – гэта сродкі Еўрапейскага фонду рэгіянальнага развіцця.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя