У Крушынянах згарэла «Татарская юрта» (абноўлена)
Пажарнікі ўсю ноч змагаліся з агнём.
To narazie koniec … wszyscy cali i zdrowi- my, psy, koty i konie.
Gepostet von Tatarska Jurta am Montag, 30. April 2018
У час, калі пачаўся пажар, у будынку было больш за дзесяць турыстаў і працаўнікі. Усе яны самастойна выбеглі з ахопленага агнём будынку. Пажарнікі атрымалі паведамленне пра пажар каля 23:00, 30 красавіка. Агонь пачаў распаўсюджвацца ад даху.
Ніхто не пацярпеў, таксама не пацярпелі коні ды іншыя жывёлы. Кажа камендант павятовай пажарнай службы ў Саколцы, брыгадзір Дарыюш Вайтэцкі:
— Калі прыбылі першыя пажарныя каманды, аказалася, што на гарышчы — моцнае задымленне, і агонь распаўсюджваецца ў нежылой частцы, у самым вільчыку даху. Пажарнікі вынеслі з месца тушэння 6-8 балонаў з газам тыпу парпан-бутан. Ніхто не пацярпеў, усіх эвакуяваў персанал аграсядзібы. Моцным ускладненнем было тое, што гэта драўляная канструкцыя, пакрытая лакамі, і напор вады ў сетцы гідрантаў быў вельмі слабы, бо гэта аддалены населены пункт.
Пакуль невядома, што стала прычынай пажару.
Згарэла ўся маёмасць уласнікаў “Татарскай юрты”, у тым ліку татарскія касцюмы, альбомы, сямейныя архівы. Страты ад пажару папярэдне ацэньваюцца ў паўтара мільёна злотых. Гаспадарства было застрахаванае. Крушыняны – гэта важнае месца для польскіх татараў, супольнасць якіх налічвае каля трох тысяч чалавек. У вёсцы знаходзіцца дзейны мізар – мусульманскія могілкі, а таксама мячэць з 18 стагоддзя. Татары жывуць у Крушынянах з 1679 году, калі атрымалі дазвол караля Яна ІІІ Сабескага. Сёння ў вёсцы жыве 30 сем’яў, у тым ліку чатыры – татарскія. Крушыняны ў 2010 годзе наведваў прынц Уэльскі – Чарльз.
Паводле: Радыё Беласток