У Крыме бракуе пітной вады



Да шматлікіх крымскіх праблемаў дадалася яшчэ адна. Ад пачатку лета на поўвостраве бракуе пітной вады.

Крым

З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Да расейскай анэксіі Крым на 86 % забяспечваўся прэснай вадою з Паўночна-Крымскага канала, што на тэрыторыі мацерыковай Украіны. Цяпер гэтае водазабеспячэнне лімітаванае, у выніку чаго сітуацыя на поўвостраве крытычна пагоршылася.

Крымскія ўлады шукаюць нетрадыцыйныя шляхі вырашэння праблемы. Старшыня Савета міністраў Крыма Сяргей Аксёнаў спасылаецца на досвед Амана і раіць крымчанам збіраць дажджавую вільгаць. Для сельскагаспадарчых патрэбаў прапануецца збудаваць сістэму кропельнага палівання, як у Ізраілі. Пры гэтым Сяргей Аксёнаў не ўдакладніў, хто будзе фінансаваць будаўніцтва такой сістэмы.

Найбольш праблема пітной вады тычыцца Севастопаля. Чорнарэчынскае водасховішча забяспечвае горад толькі 12 %, дый тое моцна забружанае з-за блізкасці сметніка. У горадзе ўжо распачаліся планавыя адключэнні водаправода. Праблема водазабеспячэння, а таксама высокія кошты і транспартная блакада прывялі да таго, што калісь папулярныя крымскія курорты цяпер запоўненыя толькі на чвэрць.

Беларускае Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна

Фота tsn.ua