У Крыме не спяшаюцца мяняць украінскія рэгістрацыйныя нумары і пасведчанні кіроўцы на расейскія



У анэксаваным Крыме наспявае чарговы канфлікт, на гэты раз – між уласнікамі легкавікоў і Дзяржаўнай інспекцыяй па бяспецы дарожнага руху. Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Нягледзячы на тое, што Крым анэксаваны ўжо больш за год, тамтэйшыя аўтаўладальнікі не спяшаюцца мяняць украінскія рэгістрацыйныя нумары і ўкраінскія пасведчанні кіроўцы на расейскія.

Справа ў тым, што ўсе аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Крыме да лютага 2014 года, па-ранейшаму знаходзяцца ў базе дадзеных украінскай дарожнай міліцыі і лічацца ўкраінскімі. З новым аўтамабільным нумарам узнікае юрыдычная калізія: адзін аўтамабіль будзе мець адразу дзве рэгістрацыі. Неаднаразова здаралася, калі легкавікі крымчанаў з новымі расейскімі нумарамі арыштоўвалі адразу на мяжы і ставілі на штрафную пляцоўку. Такая ж сітуацыя і з пасведчаннямі кіроўцы: калі ў базе дадзеных зафіксаванае пасведчанне, выдадзеннае кіроўцу да лютага 2014 года, то новае пасведчанне на тую ж асобу не лічыцца ва Украіне сапраўдным.

Усяго ў Крыме зафіксавана каля мільёна аўтамабілістаў. Новыя рэгістрацыйныя нумары і новыя пасведчанні кіроўцы за год атрымала толькі 165 тысяч.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота auto.bigmir.net