У Крыме прапануюць туры па ежу ва Украіну
У Севастопалі становяцца папулярнымі “гастранамічныя туры ва Украіну”. Паліцы ў крымскіх крамах па-ранейшаму напаўпустыя, а кошты завоблачныя. Гэта і вымушае крымчанаў ездзіць па прадукты на тэрыторыю мацерыковай Украіны.
З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Прадпрымальны севастопальскі бізнесоўца наладзіў “Гурман-туры” ў Херсон. Севастопальцы збіраюцца ўначы ў цэнтры горада, і аўтобусам едуць на поўнач праз Бахчысарай, Сімферопаль і Армянск, дзе да “Гурман-тура” таксама далучаюцца ахвочыя закупіцца ў мацерыковай Украіне. “Харчовыя турысты” змятаюць з украінскіх паліцаў прадукты і вяртаюцца дахаты. Каштуе “Гурман-тур” каля 2500 расейскіх рублёў, што складае каля 47 даляраў.
Усё гэта вельмі нагадвае савецкае мінулае, калі грамадзяне з правінцыі ездзілі ў сталічныя гарады “па каўбасу”. Цяпер “прадуктовай сталіцай” для крымчанаў становіцца суседні Херсон.
Беларускае Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна