У Крывятычах увекавечаць памяць бежанцаў 1915 года
Крывятычы, што ў Арлянскай гміне на Беласточчыне, увекавечаць памяць пра бежанства 1915 года. У вёсцы паўстае крыж памяці масавым выездам жыхароў усходняй Беласточчыны ў глыб Расеі ў час Першай сусветнай вайны. Ініцыятарам паўстання аб’екта з’яўляецца аніматар культуры, этнограф, звязаны з Музеем малой Бацькаўшчыны, Тамаш Суліма. Крыж стварае вядомы скульптар з Камянца (Берасцейская вобласць) Анатолій Туркоў. Ён расказаў нашаму радыё пра гэты праект:
– Будзе выява Прасвятой Багародзіцы. Там шмат надпісаў, якія прысвячаюцца тым, хто пайшоў у бежанства, а таксама тым, хто з яго вярнуўся. Пад іконай будзе напісана, з якой нагодай зроблены той крыж. З Евангелля таксама будзе напісаны тэкст. Ну, і я яшчэ падпішу, хто з’яўляецца ініцыятарам крыжа. Гэта будзе 5-метровы крыж з дубу. Думаю, гадоў 200 ён прастаіць.
Анатоль Туркоў – аўтар ажно сямі крыжоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. Сярод іх ёсць і крыж памяці бежанцам у Дубяжыне, што на Бельшчыне. Афіцыйнае адкрыццё і асвячэнне крыжа ў Крывятычах адбудзецца ў нядзелю, 22 лістапада.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота istorya.ru