У Кузніцы Беластоцкай падсумавалі вынікі працы мытнай службы



Асноўным таварам кантрабанды на ўсходняй мяжы з Еўразвязам сёння з’яўляюцца тытунёвыя вырабы. Толькі на мінулым тыдні мытня Падляшскага ваяводства затрымала 43-гадовага грамадзяніна Расеі, які нелегальна вёз у Еўразвяз 435 тысяч пачак сыгарэт. Таксама мытнікі на ўсходняй мяжы Еўразвязу выкрываюць партыі наркотыкаў, небяспечных адходаў і тавараў, якія не адпавядаюць санітарным нормам.

Класічным метадам пошуку кантрабанды з’яўляецца выкарыстанне сабак. Эфектыўныя тэхналогіі абароны мяжы – гэта сканеры і лабараторыі. Але ёсць і новаўвядзенні, кажа намеснік старшыні дзяржаўнай падатковай адміністрацыі Пётр Вальчак:

– Гэта сістэма распазнавання рэгістрацыйных табліц. Гэта новая сістэма, якую мы ўсталёўваем на мяжы не толькі з трэцімі краінамі, але таксама з краінамі Шэнгену. Гэта сістэма звязана з сістэмамі краін Балтыі. Можна сказаць, што гэта сістэма еўрапейская. Акрамя нас ёй карыстаюцца іншыя службы, адказныя за грамадскі парадак і бяспеку.

Вынікі працы мытнай службы за апошнія гады былі агучаныя ў час прэс-канферэнцыі ў Кузніцы Беластоцкай з удзелам міністра фінансаў Польшчы Тэрэзы Чэрвіньскай.

Выкарыстанне новых тэхналогій дазволіла зменшыць колькасць праверак напалову і, пры гэтым, падвысіць эфектыўнасць працы мытні, – сцвярджае міністр.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя