У Кузніцы за ноч канфіскавалі 11,5 тысяч пачак цыгарэт



Чатыры легкавыя машыны ноччу ў сераду адна за адной заехалі на кантрольна-прапускны пункт памежнага пераходу ў Кузніцы. За рулём аўтамабіляў знаходзіліся грамадзяне Беларусі – тры жанчыны і мужчына ва ўзросце ад 24 да 28 гадоў. Супрацоўнікі Падляшскай мытні знайшлі ў аўтамабілях буйную кантрабанду цыгарэт.

Паведаміў прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі:

– У абшуканых транспартных сродках супрацоўнікі, якім дапамагала службовая бельгійская аўчарка Арго, былі знойдзены кантрабандныя цыгарэты. Яны былі схаваныя ў пераробленых падлогах, столях, бензабаках, парогах і прыборнай панэлі. Агулам было знойдзена 11,5 тысяч пачак цыгарэт з беларускімі акцызамі. Калі б нелегальны тавар трапіў у абарот, то дзяржаўная казна страціла б больш за 260 тысяч злотых. Ва ўсіх чатырох выпадках мытня пачала справы і канфіскавала тавар, машыны прыстасаваныя для перавозкі кантрабанды, а таксама мабільныя тэлефоны кантрабандыстаў.

Беларусы адкажуць перад судом. Ім пагражаюць высокія штрафы, канфіскацыя нелегальных цыгарэт, а таксама транспартных сродкаў, якія былі выкарыстаны для кантрабанды.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя