У Кузніцы затрымалі кантрабанду з 485 тысяч пачак беларускіх цыгарэт



Супрацоўнікі Падляшскай нацыянальнай падатковай адміністрацыі (KAS) на памежным пераходзе ў Кузніцы затрымалі кантрабанду з 485 тысяч пачак беларускіх цыгарэт. Кантрабанда была схаваная ў транспартаваных вокнах. Калі б цыгарэты трапілі ў Польшчу, дзяржаўны бюджэт страціў бы амаль 12 мільёнаў злотых. Паведамляе прэс-сакратар падляшскіх мытнікаў Радаслаў Ганцэвіч.

„У правераным грузавіку згодна з дакументамі , на пяці металічных стэлажах павінны былі перавозіцца пластыкавыя вокны. Аднак падчас агляду мытнікі выявілі, што вокны — толькі для маскіроўкі рэальнага грузу. У выніку канфіскавана 485 тысяч пачкаў цыгарэт розных марак ацэначным коштам каля 7,3 мільёна злотых (1,87 мільёна даляраў). Супраць кіроўцы грузавіка распачалося следства, 33-летні Беларус затрыманы. Яму грозіць штраф і 5 год пазбавення волі”.

Гэта чарговая буйная кантрабанда цыгарэт, затрыманая сёлета падляшскімі мытнікамі. Толькі ў першай палове года на мяжы і падчас спецаперацый выявілі 128 мільёнаў нелегальных цыгарэт. Гэта ў чатыры разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Беларускае Радыё Рацыя