У Латвіі заявілі пра ўсплёск міграцыі з тэрыторыі Беларусі



У Латвіі трэці дзень запар назіраецца павелічэнне колькасці  мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта са спасылкай на Дзяржаўную памежную ахову Латвіі паведамляе 16 снежня агенцтва BNS.

Як інфармуюць памежнікі, 13 снежня яны прадухілілі 56 спробаў незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы, 14 снежня — 83 такія спробы, 15 снежня — 69 парушэнняў мяжы.

Раней незаконна перасекчы мяжу паміж Беларуссю і Латвіяй за суткі ў сярэднім спрабавалі 20-30 чалавек.

Паведамляецца, што ўсяго з 10 жніўня латвійскія памежнікі прадухілілі незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы 3127 асобамі.