У літоўскім кірунку – чэргі грузавых аўтамабіляў



У літоўскім напрамку – ужо традыцыйныя чэргі грузавых аўтамабіляў. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, па стане на 16 гадзін у “Каменным Логу” выезду з краіны чакаюць больш за 360 фураў, у “Беняконях” і “Прывалцы” – больш за 190 у кожным пункце, а ў “Катлоўцы” – больш за 150.

Сітуацыю з чэргамі тлумачыць афіцыйны прадстаўнік памежнага камітэту Антон Бычкоўскі:

– Асноўны фактар, які аказвае ўплыў на выбар маршруту грузаперавозчыкамі, – гэта абмежаванні, якія дзейнічаюць па ўвозе паліва грузавымі транспартымі сродкамі. Я маю на ўвазе абмежаванні, якія дзейнічаюць у Польшчы. У сувязі з тым, што эканамічна выгадней пракласці маршрут праз Літву, дзе такія абмежаванні не дзейнічаюць, грузаперавозчыкі пракладваюць маршруты праз пункты пропуску ў літоўскім кірунку.

Такім чынам, прычыны транспартнага калапсу ў літоўскім напрамку ў першую чаргу звязаныя з жаданнем перавозчыкаў зэканоміць. Справа ў тым, што ў Літву можна завезці значна больш паліва, чым, напрыклад, у Польшчу. Антон Бычкоўскі дадае, што ў Дзяржаўным памежным камітэце  пастаянна адсочваюць сітуацыю, актуальную інфармацыю пра чэргі на мяжы можна знайсці на сайце ведамства.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя